нежада́нне, ‑я, н.
Адсутнасць жадання; ухіленне ад чаго‑н. [Леснічыха] чамусьці гаварыла неахвотна. І ў гэтым нежаданні расказваць пра сябе Язэп адчуваў нейкую таямніцу. Асіпенка.
нежада́ны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і непажаданы. Выразу.. твару Сяргей не мог заўважыць, аднак па тону Післяковых слоў здагадаўся, што гэтая сустрэча для яго нежаданая. Сіўцоў.
нежана́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае жонкі, не знаходзіцца ў шлюбе. За сталом у падлоўчага сядзеў памочнік начальніка раз’езда, пан Сухавараў, нежанаты, яшчэ малады хлопец, адзеты ў парадны мундзір. Колас.
2. у знач. наз. нежана́ты, ‑ага, м. Нежанаты мужчына; халасцяк.
нежывы́, ‑ая, ‑ое.
1. Пазбаўлены адзнак жыцця, мёртвы. Пасярэдзіне [лодкі] стаяла закопчанае вядро, у якім пад аерам у вадзе ляжала некалькі ўжо нежывых рыбак — ці то верхаводак, ці то плотак. Чыгрынаў.
2. Які не адносіцца да жывёльнага ці расліннага свету; неарганічны. Нежывая прырода.
3. Пазбаўлены жыццёвых сіл, энергіі, вялы; такі, як у мёртвага. Калі Іліко падышоў, хлопец павольна павярнуў галаву і глянуў на яго. Але і цяпер погляд ягоны заставаўся нежывым. Самуйлёнак. Ногі дрыжалі, слабелі, рабіліся нейкія нежывыя, і .. [Косця] баяўся, каб хаця не ўпасці. Адамчык. // Ненатуральны. У нежывой позе сваёй стаялі над уваходам.. [у касцёл] барэльефныя постаці акамянелых біскупаў. Чорны.
4. перан. Які не дзейнічае, не працуе. Колькі ты ні ідзеш — Сустракаеш пажары, Віснуць здані кругом Нежывых каміноў. Броўка.
5. перан. Цьмяны, бледны (пра святло, колер і пад.). Даволі часта ў бок шашы — то справа, то злева — узляталі белыя ракеты і паволі згасалі, разліваючы трапяткое, нежывое святло. Лынькоў. Леапольд Гушка стаяў перад хатаю на дварэ.. у нежывым месячным святле. Чорны.
нежылы́, ‑ая, ‑ое.
1. Такі, у якім не жывуць. Ля.. пераезду [чыгункі] дзве будкі, але адна даўно нежылая. Навуменка. // Уласцівы для памяшкання, у якім не жывуць. Нежылы выгляд хаты.
2. Не прыстасаваны для жылля. Нежылая будыніна.
нежыццёвы, ‑ая, ‑ае.
Далёкі ад жыцця, ад рэчаіснасць нерэальны. Нежыццёвая прапанова. □ — Дык жа паспрабуй вазьмі дваццаць пяць [цэнтнераў з гектара]. Каму яны сніліся? — усё больш разыходзіўся Ёсіп, пераконваючыся, што прыведзеныя Глебам лічбы нежыццёвыя. Дуброўскі.
нежыццяздо́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нежыццяздольнага.
нежыццяздо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае здольнасці падтрымліваць і захоўваць жыццё. Нежыццяздольныя клеткі арганізма.
2. перан. Няздольны існаваць і развівацца. Нежыццяздольная тэорыя.