нежывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Пазбаўлены адзнак жыцця, мёртвы. Пасярэдзіне [лодкі] стаяла закопчанае вядро, у якім пад аерам у вадзе ляжала некалькі ўжо нежывых рыбак — ці то верхаводак, ці то плотак. Чыгрынаў.

2. Які не адносіцца да жывёльнага ці расліннага свету; неарганічны. Нежывая прырода.

3. Пазбаўлены жыццёвых сіл, энергіі, вялы; такі, як у мёртвага. Калі Іліко падышоў, хлопец павольна павярнуў галаву і глянуў на яго. Але і цяпер погляд ягоны заставаўся нежывым. Самуйлёнак. Ногі дрыжалі, слабелі, рабіліся нейкія нежывыя, і .. [Косця] баяўся, каб хаця не ўпасці. Адамчык. // Ненатуральны. У нежывой позе сваёй стаялі над уваходам.. [у касцёл] барэльефныя постаці акамянелых біскупаў. Чорны.

4. перан. Які не дзейнічае, не працуе. Колькі ты ні ідзеш — Сустракаеш пажары, Віснуць здані кругом Нежывых каміноў. Броўка.

5. перан. Цьмяны, бледны (пра святло, колер і пад.). Даволі часта ў бок шашы — то справа, то злева — узляталі белыя ракеты і паволі згасалі, разліваючы трапяткое, нежывое святло. Лынькоў. Леапольд Гушка стаяў перад хатаю на дварэ.. у нежывым месячным святле. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)