Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збег, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. збегчы (у 2 знач.); сцёк, збяганне вады па нахільнай паверхні. Збег вясковых вод.

2. ‑у. Месца, паглыбленне, па якім збягае вада. Стаць на самым збегу вады.

3. ‑у. Спалучэнне, злучэнне чаго‑н. Збег зычных. Збег акалічнасцей. □ — Ты гэтак трапна папаў да нас, што .. цяжка чакаць падобнага збегу абставін. Гартны.

4. ‑а. Уст. Уцякач, бягляк. Верхавы махнуў .. [салдату] шабляй, даў знак спыніцца — злавіць збега ён браўся сам. Колас.

збе́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Стаміцца, змарыцца бегаючы. Збегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ.

збе́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Пабегчы, таропка пайсці куды‑н. з якой‑н. мэтай і вярнуцца назад. [Рыгорка] збегаў дахаты і прынёс іголку. Якімовіч. Мачыха адразу ж збегала па даёнку і, яшчэ не адвязаўшы каровы ад воза, паспрабавала яе даіць. Сабаленка.

збе́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які збег, уцёк адкуль‑н. Збеглы катаржнік. Збеглы ваеннапалонны. / у знач. наз. збе́глы, ‑ага, м.; збе́глая, ‑ай, ж. Убачыць збеглага.

збе́гчы, збягу, збяжыш, збяжыць; збяжым, збежыце, збягуць; заг. збяжы; зак.

1. Бягом спусціцца ўніз. Збегчы ўніз па лесвіцы. □ Сёмка збег з ганка, узлез на воз і пагнаў каня. Гартны. [Дзяўчына] азірнулася яшчэ раз і збегла з кручы да вады. Краўчанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцячы (пра вадкасці). Збегла ў нізіны з пагоркаў разводдзе. Танк. // перан. Знікнуць, прапасці (пра ўсмешку, чырвань і пад.). У Зеленюка збегла з твару ўсмешка, і тонкія вусны яго задрыжалі. Зарэцкі. Дрымота [у Мані] збегла адразу. Чорны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако збегла. □ [Ларыса] вярнулася ў хату паглядзець, каб не збегла што ў печы, адставіла гаршкі далей ад агню. Пальчэўскі.

4. Знікнуць тайком; уцячы. Збегчы з палону. Збегчы з турмы. □ Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому. Скрыган.

збе́гчыся, збягуся, збяжышся, збяжыцца; збяжымся, збежыцеся, збягуцца; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. л. не ўжыв.). Хутка, бягом сабрацца ў адно месца (пра ўсіх, многіх). Тушыць пажар збегліся ўсе, малыя і старыя. Шамякін. Увесь лагер збегся да зямлянкі камандзіра. Шчарбатаў. // перан. Разм. Адбыцца ў адзін час, разам; супасці. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, .. [Рыгор] не мог сказаць. Гартны. [Саўка] гатоў нават і спачуваць ім [партызанам], але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці? Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблізіўшыся, сысціся ў адно месца; самкнуцца. [Тодар] нічога не адказаў, толькі неяк збянтэжана засмяяўся, ад чаго старшынёвы бровы яшчэ больш збегліся на пераноссі. Крапіва. На твары ў .. [Тумаша] застыла ўхмылка, на пукатым ілбе збегліся баразёнкі зморшчын. Новікаў.

3. Разм. Паспець бегчы разам з кім‑, чым‑н. Каза .. спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. А тая не можа збегчыся. Кулакоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сцягнуцца, ссесціся. Сукенка збеглася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стваражыцца, утварыць згусткі (пра малако). Малако збеглася.

збедава́цца, збядуюся, збядуешся, збядуецца; зак.

Разм. Доўга бядуючы, знаходзячыся ў бядзе, змучыцца, змагчыся. Міхалючкова маці, Алімпа, за гэты час знудзілася, збедавалася. Чорны.

збе́дненасць, ‑і, ж.

Стан збедненага. Нетрадыцыйны погляд аўтара на рэчы, на жыццё дазволіў яму ўнікнуць і бытавізму і збедненасці, духоўнай абмежаванасці ў паказе герояў. М. Стральцоў.

збе́днены, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад збедніць.

2. Які збедніўся, стаў або прыкінуўся бедным і няшчасным. Яны ўперад ідуць Шляхам бітым, ясным, Ты [аднаасобнік] пляцешся ў хвасце, Збеднены, няшчасны. Купала.

збе́дніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Разм. Прыкінуцца бедным, няшчасным. — Я збеднілася, кажу, удава, няма, кажу, чаго на плечы ўсцягнуць. Лобан. [Буржуй] збедніўся, ну, проста сірата казанская, — якія ў яго грошы, калі вайна, разруха. Лынькоў.