збе́гчыся, збягуся, збяжышся, збяжыцца; збяжымся, збежыцеся, збягуцца; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. л. не ўжыв.). Хутка, бягом сабрацца ў адно месца (пра ўсіх, многіх). Тушыць пажар збегліся ўсе, малыя і старыя. Шамякін. Увесь лагер збегся да зямлянкі камандзіра. Шчарбатаў. // перан. Разм. Адбыцца ў адзін час, разам; супасці. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, .. [Рыгор] не мог сказаць. Гартны. [Саўка] гатоў нават і спачуваць ім [партызанам], але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці? Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблізіўшыся, сысціся ў адно месца; самкнуцца. [Тодар] нічога не адказаў, толькі неяк збянтэжана засмяяўся, ад чаго старшынёвы бровы яшчэ больш збегліся на пераноссі. Крапіва. На твары ў .. [Тумаша] застыла ўхмылка, на пукатым ілбе збегліся баразёнкі зморшчын. Новікаў.
3. Разм. Паспець бегчы разам з кім‑, чым‑н. Каза .. спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку. А тая не можа збегчыся. Кулакоўскі.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сцягнуцца, ссесціся. Сукенка збеглася.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стваражыцца, утварыць згусткі (пра малако). Малако збеглася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)