збудава́нне, ‑я, н.
Тое, што збудавана; пабудова, будынак. Спартыўнае збудаванне. Абароннае збудаванне. □ Каля сядзібы мы заўважылі нейкае дзіўнае драўлянае збудаванне. В. Вольскі.
збудава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.
Пабудаваць для сябе будынак (будынкі), пабудавацца. — [Паўлюк] хоча, каб я аддаў свой зруб пад клуб у калгас. За дармовы лес, кажа, збудаваўся. А я яго прадам калгасу сам. Пташнікаў.
збудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе.
Зак. да будаваць.
збудзі́цца, збуджуся, збудзішся, збудзіцца; зак.
Разм. Прачнуцца, абудзіцца. Аколіца-аселіца Пад ногі сонцам сцелецца... Збудзіўся гаспадар! Купала.
збудзі́ць, збуджу, збудзіш, збудзіць; зак., каго-што.
Разм. Разбудзіць, абудзіць. [Мужчыны] збудзілі Алесю стукам у акно. Пестрак. Ранні золак збудзілі цягнікоў гудкі. Танк.
збузава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад збузаваць.
збузава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Разм. Падраць, патрапаць што‑н., не шкадуючы. Збузаваць сукенку. □ [Маці:] — Глянь лепей, як ты штаны за тыдзень збузаваў. Грошай на аднаго цябе не набрацца. Васілевіч. // Наогул сапсаваць, знішчыць што‑н. нядбайным абыходжаннем. Ніхто яго [пагранічны лес].. не стопча, нічыя сякера тут нават не цюкне. Хіба от толькі што збузавалі кавалачак маладняку на кантрольнай паласе. Сабаленка.
збунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змяшацца, пераблытацца. Думкі ў галаве збунтаваліся. Гульня збунтавалася.
2. Падняць бунт; узбунтавацца. У гміне павінен спешна адбыцца суд над сялянамі, больш чым над палавінай вёскі, якія збунтаваліся і не пайшлі да пана на работу. Чарот.
збунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Разм.
1. Змяшаць, пераблытаць што‑н. — [Птушкі] на момант збунтавалі строй і закружыліся на адным месцы. Ляўданскі. — Эх, Толя, Толя! Як ты ўсё збунтаваў, пераблытаў! Як быццам я тады, на возе сена, не так сабе, а прадчуваючы нешта, успамінаў цябе. Брыль.
2. Падняць на бунт; узбунтаваць. Збунтаваць народ.
збуцве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які збуцвеў; сапрэлы, струхлелы, спарахнелы. Саламяныя стрэхі, крытыя шмат гадоў назад, асунуліся, паразлазіліся, паказвалі свае збуцвелыя рэбры і цёмныя правалы. Колас. Воддаль .. нахіліўся да зямлі зложаны .. даўнішні збуцвелы крыж, парахня-парахнёй. Пташнікаў.