дэмабілізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад дэмабілізаваць.
2. у знач. наз. дэмабілізава́ны, ‑ага, м. Той, хто звольнен з арміі па дэмабілізацыі. Што ні дзень, што ні гадзіна — радасць: вяртаюцца дахаты дэмабілізаваныя. Пальчэўскі. Эшалон з дэмабілізаванымі ішоў з Берліна на ўсход. Шуцько.
дэмабілізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак.
1. Перайсці з ваеннага становішча на мірнае (пра ўзброеныя сілы, народную гаспадарку). Дывізія дэмабілізавалася.
2. Звольніцца з вайсковай службы пасля заканчэння вайны або тэрміну абавязковай службы (пра асабовы састаў). Калі грамадзянская вайна закончылася, Паўлюкоўскі дэмабілізаваўся і заняўся літаратурнай працай. Машара. Юстын ужо адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся і зараз працаваў на заводзе паточных ліній. Няхай.
3. перан. Аслабіць актыўнасць, гатоўнасць да выканання якіх‑н. задач. Так .. павялося: жыццю патрэбны вінаватыя. Інакш людзі страцілі б пільнасць, дэмабілізаваліся б. Карпаў.
дэмабілізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.
Зрабіць, правесці дэмабілізацыю.
дэмабілізацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з правядзеннем дэмабілізацыі. Дэмабілізацыйнае прадпісанне. Дэмабілізацыйны план. // перан. Які характарызуецца паніжэннем актыўнасці, пільнасці, спадам энергіі. Дэмабілізацыйны настрой.
дэмабіліза́цыя, ‑і, ж.
1. Перавод узброеных сіл і народнай гаспадаркі з ваеннага становішча на мірнае. Дэмабілізацыя арміі і флоту. Дэмабілізацыя прамысловасці.
2. Звальненне з вайсковай службы асабовага саставу пасля заканчэння вайны або тэрміну абавязковай службы. Дэмабілізацыя радавога і афіцэрскага саставу.
3. перан. Аслабленне актыўнасці, гатоўнасці да выканання якіх‑н. задач.
[Фр. démobilisation.]
дэмабілізо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да дэмабілізавацца.
2. Зал. да дэмабілізоўваць.
дэмабілізо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дэмабілізаваць.
дэмагагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на дэмагогіі, пранікнуты ёй. Дэмагагічная прамова. Дэмагагічны лозунг.
дэмаго́г, ‑а, м.
Той, хто карыстаецца дэмагагічнымі прыёмамі. Вось, вось яны гарланы-дэмагогі, Правакацыйных, чорных спраў майстры. Лойка.
дэмаго́гія, ‑і, ж.
Падман шырокіх народных мас прываблівымі, але лжывымі абяцаннямі і лозунгамі; беспрынцыпнае палітыканства. Салдаты супакоіліся, а потым некаторыя з іх самі пачалі выступаць, заклікаючы ўсіх не паддавацца правакацыйнай дэмагогіі. «Полымя». Сцверджанні аб роўнасці палітычных правоў усіх шляхціцаў незалежна ад іх маёмаснага становішча .. — проста дэмагогія і прапаганда. «Полымя». // Разм. Пра ўсякую пустую беспрадметную гаворку, прамову і пад. — Віктар, не разводзь дэмагогіі, — просіць Веньямін. — Пара спаць, гадзіна ночы. Тое, што скажаш, прыкладна вядома. Навуменка.
[Грэч. dēmagōgía.]