Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

матыва́цыя, ‑і, ж.

Сукупнасць матываў, довадаў у карысць чаго‑н.; матывіроўка.

матывіро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да матывіроўкі.

матывіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Абгрунтаванне прычыны, падставы якога‑н. дзеяння, учынка.

2. Тое, што і матывацыя. [Гарбулёў:] — Дайце я буду пісаць матывіроўкі, а вы стаўце толькі свой подпіс. Бядуля.

маты́ка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Насаджаны на палку каменны або драўляны клінок, які служыў у старажытнасці для апрацоўкі глебы.

2. Ручная прылада для рыхлення глебы ў форме трохвугольнай лапаткі, уздзетай на палку пад прамым вуглом. Акопваць буракі матыкаю.

•••

Ратацыйная матыка — сельскагаспадарчая машына для рыхлення глебы.

матылёк, ‑лька, м.

1. Насякомае з дзвюма парамі крылаў, пакрытых пылком рознага колеру, ад якога залежыць іх афарбоўка. Над полем казачнымі аганькамі снуюць, мітусяцца матылькі. Галавач. Начны матылёк рынуўся з вуліцы на зыркае святло і замітусіўся па пакоі. Чыгрынаў.

2. толькі мн. (матылькі́, ‑оў). Атрад насякомых, якія маюць па дзве пары крылаў, пакрытых дробнымі лусачкамі; лускакрылыя.

матылі́ца, ‑ы, ж.

1. Від матылькоў.

2. Захворванне жывёлы, пераважна авечак і коз, выкліканае лічынкамі стужачных глістоў.

маты́ль, ‑я, м.

1. Тое, што і матылёк. У паветры насіліся матылі, звінелі дзікія пчолы, шапацела лісце. Самуйлёнак.

2. Лічынка камара, якая жыве ў глеі і служыць прыманкай пры лоўлі рыбы, а таксама кормам для акварыумных рыб.

•••

Матылі ў вачах — пра мігценне перад вачамі, калі становіцца млосна, дрэнна (ад слабасці, стомы).

матылько́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да матылька, матылькоў, належыць ім. Матыльковыя крыльцы.

2. у знач. наз. матылько́выя, ‑ых. Тое, што і бабовыя.

маты́ў, ‑тыву, м.

1. Прычына, падстава для якога‑н. дзеяння. Матывы асабістага парадку хілілі .. [Аўгіню] у процілеглы Васілю бок. Колас.

2. Прасцейшая рытмічная адзінка мелодыі, адна з састаўных частак мелодыі. // Мелодыя, напеў. Зіна падабрала матыў, і дзяўчаты пачалі спяваць песню. Жычка. Матыў падхоплівае дружны дзявочы хор, і песня льецца над прырэчнымі прасторамі, залітымі сонцам. Дуброўскі.

3. Прасцейшая састаўная частка сюжэта; тэма ў творах мастацтва. У .. вершах [Я. Купалы] было многа сумных і нярадасных матываў, бо сумная і нярадасная была і рэчаіснасць, з якой ён чэрпаў тэмы сваіх твораў. Шкраба. [Бацька] угледзеў малюнак над ложкам — першы жоўты кляновы ліст падае з дрэва — і падумаў, што ў малюнках пераважаюць асеннія матывы. Шамякін.

[Фр. motif.]

маты́чанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. матычыць.