манта́ж, ‑у, м.
1. Зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак у адпаведнасці з планамі і чарцяжамі. Галя вельмі любіла ўвесь працэс наладкі лініі — ад мантажу станкоў да наладкі інструментаў на дэталі. Арабей. Сёння .. [Максім Сцяпанавіч] вырашыў пачаць абход з ліцейнага: трэба было праверыць, як ідзе мантаж новых, больш магутных вагранак. Карпаў.
2. Падбор і аб’яднанне асобных частак фільма, літаратурных або музычных твораў у адно цэлае ў мастацкіх і сэнсавых адносінах. // Фільм, літаратурны твор і пад., складзеныя такім чынам. Падрыхтаваць літаратурны мантаж. Фатаграфічны мантаж.
[Фр. montage.]
манта́жнік, ‑а, м.
Спецыяліст па мантажу (у 1 знач.). За некалькі мінут мантажнікі ўмацоўваюць панель — і гатова сцяна яшчэ аднаго пакоя. «Звязда».
манта́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мантажу. Шмат тут было рабочых: працавалі цесляры, пільшчыкі; у сярэдзіне корпуса вяліся мантажныя работы. Гурскі.
мантажо́р, ‑а, м.
У кінематаграфіі, фатаграфіі — спецыяліст па мантажу (у 2 знач.).
мантажы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спецыяліст па мантажу (у 2 знач.).
мантажы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да мантажыст.
мантанья́ры, ‑аў; адз. мантаньяр, ‑а, м.
Рэвалюцыйна-дэмакратычная групоўка дэпутатаў Нацыянальнага Канвента ў час французскай буржуазнай рэвалюцыі 1789–1794 гадоў.
[Фр. montagnards ад montagne — гара. (Гэтыя дэпутаты сядзелі на верхніх скамейках у зале пасяджэнняў Канвента.)]
манта́ч, ‑а, м.
Разм. Той, хто неразумна траціць грошы, маёмасць; марнатравец.
манта́чанне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мантачыць.