Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мані́цы, ‑ніц і ‑ніцаў; адз. няма.

Мужчынскія калівы канапель, а таксама валакно, якое атрымліваюць з іх.

мані́ць, маню, маніш, маніць; незак.

Абманваць, хлусіць, гаварыць няпраўду. Пра што б.. [Галаўня] ні гаварыў, Клаве здавалася, што ён маніць, хітруе. Гроднеў. [Бацька:] — На, маёй вады выпі, з вайны. Хлапчук прыклаўся губамі да баклажкі, а старэйшы [сын] недаверліва зірнуў на бацьку. — Маніш, што з вайны вада. Галавач.

мані́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Нагруднік, пераважна з белай тканіны, прышыты або прышпілены да мужчынскай кашулі. Максім знімае з сябе студэнцкую тужурку, белы каўнерык і манішку, узіраецца ў маленькае люстэрка. Майхровіч. // Устаўка на грудзях у жаночай сукенцы.

2. Частка мужчынскай кашулі, якая закрывае грудзі. Кашуля з вышытай манішкай. □ З-пад расшпіленай фуфайкі бялела вышываная чырвоным крыжам манішка. Чыгрынаў.

мані́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манішкі. Манішкавая шпілька.

ма́нія, ‑і, ж.

1. Псіхічны стан, пры якім свядомасць і пачуцці сканцэнтроўваюцца на якой‑н. адной ідэі. Манія праследавання.

2. перан. Незвычайная цяга, слабасць да чаго‑н.

[Ад грэч. mania — шаленства, захапленне, цяга.]

маніяка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маніі; які з’яўляецца маніяй. Маніякальны стан.

манкі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. манкіраваць.

манкі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Пагрэбаваць (грэбаваць), нядбайна аднесціся (адносіцца) да чаго‑н. Манкіраваць службовымі абавязкамі.

[Ад фр. manquer.]

манкіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. манкіраваць.

ма́нна, ‑ы, ж.

1. Ежа, якая, паводле біблейскага падання, сыпалася з неба яўрэям у час іх вандравання па пустыні.

2. Спец. Застыўшы сок некаторых раслін, прыгодны для ежы і для лякарства.

3. Разм. Тое, што і манныя крупы (гл. манны).

•••

Манна з неба не сыплецца — дарам нічога не прыходзіцца.

Манна нябесная — што‑н. нечаканае, дарэмнае.

Спадзявацца на манну нябесную гл. спадзявацца.

Чакаць манны нябеснай гл. чакаць.