кука́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Значок прынятага ўзору на форменнай шапцы. Блішчала залатая лётчыцкая кукарда на фуражцы. Хомчанка.
[Фр. cocarde.]
кукарэ́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. кукарэкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Аднекуль здалёк даляталі дзіцячыя галасы, кукарэканне пеўня. Шамякін.
кукарэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Крычаць «кукарэку» (пра пеўня). На вільчыку пуні кукарэкаў певень. Хомчанка. // Пераймаць крык пеўня.
кукарэ́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да кукарэкаць.
кукарэ́ку і кукарэ́ку, выкл.
Ужываецца гукапераймальна для абазначэння крыку пеўня. / у знач. наз. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.
•••
Ні бэ, ні мэ, ні кукарэку — нічога не ведае, ні ў чым не разбіраецца.
ку́кіш, ‑а, м.
Разм. Складзеная ў кулак рука з прасунутым вялікім пальцам паміж указальным і сярэднім як грубы жэст у знак здзеку, пагардлівай адмовы; фіга.
•••
Кукіш з’есці гл. з’есці.
Кукіш з маслам — зусім нічога (не даць, не зарабіць, не атрымаць і пад.).
ку́кішкі,
У выразах: а) на кукішках — сагнуўшы ногі ў каленях і трымаючыся на насках (сядзець і пад.). Чалавек дваццаць маладых байцоў сядзелі на кукішках наўкол агню. Сяргейчык; б) на кукішкі — згінаючы ногі ў каленях і трымаючыся на насках (сесці, прысесці і пад.). Вера прысела на кукішкі, прымасціла між каленяў даёнку. Асіпенка.
ку́кла, ‑ы, ж.
Род жаночай прычоскі: сабраныя ў касу і закручаныя ззаду валасы. Чорныя валасы, наспех закручаныя ў куклу, павіваліся густымі пасмамі. Мурашка. Тугая каса, закручаная ў куклу, надавала твару строгасць. Ваданосаў. // Пасма кужалю, завязаная пэўным чынам.
куклукскла́навец, ‑наўца, м.
Член куклукс-клана.
куклукскла́наўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ку-клукс-клана, куклукскланаўца. Куклукскланаўская ласка.