Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разды́м, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. раздымаць — разняць (у 1 знач.).

раздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разняць.

разды́мны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім можна аддзяліць адну дэталь ад другой без пашкоджання.

раз’е́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раз’есці.

раз’е́зд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раз’язджаць; паездка. Калгасныя коні былі дзень пры дні ў раз’ездзе і на пільнай рабоце. Чорны. На калгаснай стайні Алесь асядлаў буланага жарабка, якога яму вылучыў Захар Рудак для раз’ездаў па справах. Броўка.

2. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. раз’язджацца — раз’ехацца (у 1 знач.).

3. ‑у. Невялікая конная часць (не болей эскадрона), якая высылаецца для разведкі, аховы або сувязі з другімі часцямі. Міхалка ўзіраўся ўдаль, ці не едзе з маёнтка Глухі Бор раз’езд польскіх жаўнераў. Бядуля. [Рыгор:] — У канцы лістапада нямецкі раз’езд схапіў мяне каля горада Рамадан. Краўчанка.

4. ‑а. Раздваенне аднакалейнага пуці, якое дае магчымасць разысціся двум сустрэчным паяздам, вагонам і пад. // Прыпыначны пункт на месцы такога раздваення. Раз’езд Белы Кут поезд мінуў, не прыпыняючыся і не зніжаючы хуткасці. Васілёнак. Штовечар на раз’ездзе Ціхі Лес спыняецца прыгарадны цягнік, і кожны раз з прыступкаў вагонаў саскокваюць правадніцы. Карамазаў.

раз’е́зджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’ездзіць.

2. у знач. прым. Прыведзены ў нягоднасць частай яздой. [Хлопец] абгледзеў воз: стары ён быў, раз’езджаны, паламаны. Чорны. Па пясчанай раз’езджанай дарозе брыдуць дзве фурманкі. Галавач.

раз’е́зджвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да раз’езджваць.

раз’е́зджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раз’ездзіць.

раз’е́здзіцца, ‑езджуся, ‑ездзішся, ‑ездзіцца; зак.

Разм. Пачаць многа і часта ездзіць.

раз’е́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Разм.

1. Частай яздой пратарыць, працерці, зрабіць прыгодным для праезду (шлях, дарогу).

2. Частай яздой разбіць, зрабіць непрыгодным для праезду, язды. За лугам патрапілі на знаёмую дарогу. За блакаду немцы яе раз’ездзілі. Ногі коўзаліся ў глыбокіх каляінах. Новікаў.