раз’е́зд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раз’язджаць; паездка. Калгасныя коні былі дзень пры дні ў раз’ездзе і на пільнай рабоце. Чорны. На калгаснай стайні Алесь асядлаў буланага жарабка, якога яму вылучыў Захар Рудак для раз’ездаў па справах. Броўка.

2. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. раз’язджацца — раз’ехацца (у 1 знач.).

3. ‑у. Невялікая конная часць (не болей эскадрона), якая высылаецца для разведкі, аховы або сувязі з другімі часцямі. Міхалка ўзіраўся ўдаль, ці не едзе з маёнтка Глухі Бор раз’езд польскіх жаўнераў. Бядуля. [Рыгор:] — У канцы лістапада нямецкі раз’езд схапіў мяне каля горада Рамадан. Краўчанка.

4. ‑а. Раздваенне аднакалейнага пуці, якое дае магчымасць разысціся двум сустрэчным паяздам, вагонам і пад. // Прыпыначны пункт на месцы такога раздваення. Раз’езд Белы Кут поезд мінуў, не прыпыняючыся і не зніжаючы хуткасці. Васілёнак. Штовечар на раз’ездзе Ціхі Лес спыняецца прыгарадны цягнік, і кожны раз з прыступкаў вагонаў саскокваюць правадніцы. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)