суцяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да суцешыць.
2. Быць суцяшэннем, аблягчэннем. І толькі адно суцяшала: не адзін жа .. [Рыгорка], а і другія са школы разам едуць у тое падарожжа. Якімовіч.
суцяшэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.
2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.
3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.
суча́снасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць сучаснага (у 3 знач.); актуальнасць, злабадзённасць. Сучаснасць тэматыкі. □ Важна тое, як крытык разумее сучаснасць у літаратуры. «Полымя».
2. Сучасная рэчаіснасць, сучасная эпоха. Перад .. вачыма [Міхалкі] мільгала кінастужка, якая разгортвала на лесвіцы эпох развіццё чалавечай творчасці ад першабытнай пячоры да сучаснасць. Бядуля. Закончыўшы працу над кнігай, я адчуваю сябе так, як быццам пераступіў парог з мінуўшчыны ў сучаснасць. Таўлай.
суча́снік, ‑а, м.
Той, хто жыў ці жыве ў адзін час з кім‑н. Як і кожны малады літаратар,.. [Заранік] марыць напісаць добрую кнігу пра сваіх сучаснікаў і іх справы. Хадкевіч. Сучаснік Янкі Купалы і Якуба Коласа,.. [Бядуля] ўнёс каштоўны ўклад у развіццё культуры беларускага народа. Каваленка.
суча́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.
2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.
3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».
4. у знач. наз. суча́снае, ‑ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.
•••
Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.
су́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да сука; тое, што і сука. Ля ног рыбака сядзіць калматая, чорная сучка Мурза. Бядуля.
•••
З-пад сучкі яйцо ўкрасці гл. украсці.
су́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Малыя санкі, якія ўжываюцца як дапаможныя пры перавозцы бярвёнаў; падсанкі.
сучко́вы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які змяшчае ў сабе сучкі (гл. сучок у 2 знач.).
сучле́н, ‑а, м.
Кніжн. Член адной з кім‑н. арганізацыі, таварыства.
сучле́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сучленіць.