Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раздзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак., што.

1. Дзьмучы, дзьмухнуўшы, развеяць, рассеяць што‑н. лёгкае. Раздзьмуць попел. // Разм. Разнесці, разагнаць у бакі (пра вецер). Плывуць аблокаў круглых крыгі па небе, нібы па вадзе, а ён [вецер] раздзьмуў і п’е адлігу — цячэ блакіт па барадзе. Летка.

2. Прытокам паветра ўзмацніць гарэнне; распаліць. [Ева] паклала на патэльню здору, Раздзьмула жар — пячы бліны. Гаўрусёў. / у перан. ужыв. Газеткі казённага кірунку, знаходзячыся на ўтрыманні казны, стараліся раздзьмуць патрыятызм і пасеяць нянавісць да японцаў. Колас.

3. Напоўніць паветрам; надзьмуць. Конь выцягнуўся на дарогу ды стаў раптам. Натапырыў вушы, раздзьмуў ноздры. Чорны. Кузня ў вёсцы маленькая, нават меха няма, каб раздзьмуць вуголле. Навуменка.

•••

Раздзьмуць кадзіла — падняць шум вакол якой‑н. справы, учынка і пад.

раздзява́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Тое, што і раздзявальня. Зроблена ўсё так, як у добрай гарадской лазні — прасторная раздзявальня, агульная вялікая зала, душавыя кабіны. Палтаран.

раздзява́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для раздзявання. Раздзявальны пакой.

2. у знач. наз. раздзява́льная, ‑ай, ж. Раздзявальня. Лазня была прасторная і выгодная. Адна палавіна была адведзена для раздзявальнай, а ў другой мыліся і парыліся. Колас.

раздзява́льня, ‑і, ж.

Памяшканне, месца ў грамадскіх будынках для захавання верхняга адзення наведвальнікаў; гардэроб (у 2 знач.). Аднойчы далі мне білет на канцэрт, прысвечаны памяці Чайкоўскага. Праз шкляныя дзверы бачыла, якія важныя асобы ў багатых вопратках тоўпіліся каля раздзявальні. Мядзёлка. // Памяшканне для раздзявання і пераадзявання (у лазнях, спартыўных залах, на пляжах і пад.).

раздзява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раздзяваць — раздзець і раздзявацца — раздзецца.

раздзява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і (радзей) ‑дзяюся, ‑дзяешся, ‑дзяецца; ‑дзяёмся, ‑дзеяцеся; незак.

1. Незак. да раздзецца.

2. Зал. да раздзяваць.

раздзява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і (радзей) ‑дзяю, ‑дзяеш, ‑дзяе; ‑дзяём, ‑дзеяце.

Незак. да раздзець.

раздзяле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. раздзяляць — раздзяліць (у 1–3 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. раздзяляцца — раздзяліцца (у 1–4 знач.).

•••

Па раздзяленнях (ваен., спарт.) — аддзяляючы выкананне аднаго прыёма ад другога пэўным прамежкам часу.

Раздзяленне працы — працэс адасаблення розных відаў працоўнай дзейнасці, адначасовае існаванне розных відаў працы.

раздзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Распасціся на часткі; падзяліцца. Калі ж Марыя зусім блізка нагнулася над гняздзечкам, пуховы мячык раздзяліўся на пяць жывых істот. Кулакоўскі. Настаўнікі раздзяліліся на дзве групы. На чале адной стаяў Садовіч, другую павёў Лабановіч. Колас. // Даць два або некалькі адгалінаванняў, разгалінавацца. Неўзабаве, за крутым паваротам, Быстранка раздзялілася на два рукавы. Брыль.

2. Размеркавацца паміж кім‑, чым‑н. Функцыі раздзяліліся. Абавязкі раздзяліліся.

3. перан. Разысціся ў чым‑н., выявіць розніцу, не супасці. Камандзір прапанаваў усё ж ісці нацянькі ў Шчотаўку. Думкі раздзяліліся. Федасеенка.

4. Падзяліць паміж сабой маёмасць, гаспадарку; адасобіцца адзін ад другога. Кавалёва больш не слухала Фёклу. Перад ёй сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.

5. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні; падзяліцца. Шэсць раздзеліцца на тры.

раздзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Падзяліць на часткі. Раздзяліць буханку на тры часткі. □ На бюро абкома вырашылі раздзяліць вобласць на зоны. Дзенісевіч. Бондар раздзяліў атрад і адбіты абоз на тры групы, з разлікам, каб яны памаглі пагарэльцам кожнай з трох вёсак. Навуменка. // Падзяліць на якія‑н. катэгорыі, разрады. [Князь:] — Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. Караткевіч.

2. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н., выдзеліўшы кожнаму адпаведную частку. Раздзяліць прадукцыю на некалькі дзён. □ [Кулік] раздзяліў усім нявольнікам па бульбіне, якая здавалася смачней за яечню. Гурскі. // Даць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; падзяліцца чым‑н. Раздзяліць абед з таварышам.

3. Падзяліць паміж кім‑н. агульную гаспадарку, маёмасць, даўшы магчымасць жыць і весці гаспадарку самастойна. — У цябе адзін [сын], а ў мяне двое.. Калі раздзялю хутар, дык абодва жабракамі будуць, — сказаў Макар. Асіпенка.

4. Знаходзячыся паміж кім‑, чым‑н., раз’яднаць. Рака раздзяліла гэтыя вобласці. // перан. Пазбавіць сувязі, зносін з кім‑н., зрабіць далёкімі, чужымі адзін другому, разлучыць. Хоць адкрытых канфліктаў між .. [Евай і Аўгіняй] і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Колас. — Бач, жыве наш Карп, ажыццяўляюцца яго думкі, яго імкненні. Значыць, смерць не раздзяліла нас... — Баранавіч глыбока і, як здалося Сітніку, гаротна ўздыхнуў. Дуброўскі.

5. Перажыць, зведаць што‑н. разам з кім‑н. Раздзяліць гора. Раздзяліць радасць з сябрамі. □ [Сакольнаму] раптам захацелася глянуць на Аню, на тую адзіную студэнтку, якая сёння раздзяліла з ім славу двоечніка. Кулакоўскі. // Прыняць удзел у чым‑н. разам з іншымі. Раздзяліць кампанію. □ Давядзецца раздзяліць з .. [жонкай] небяспечную долю. Новікаў. // Далучыцца да чаго‑н., выказаць сваё адзінадушша з кім‑н. Раздзяліць погляды сваіх таварышаў.

6. Зрабіць дзяленне (у 2 знач.).