раздзяліць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.
1. Падзяліць на часткі. Раздзяліць буханку на тры часткі. ▪ На бюро абкома вырашылі раздзяліць вобласць на зоны. Дзенісевіч. Бондар раздзяліў атрад і адбіты абоз на тры групы, з разлікам, каб яны памаглі пагарэльцам кожнай з трох вёсак. Навуменка. // Падзяліць на якія‑н. катэгорыі, разрады. [Князь:] — Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. Караткевіч.
2. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н., выдзеліўшы кожнаму адпаведную частку. Раздзяліць прадукцыю на некалькі дзён. ▪ [Кулік] раздзяліў усім нявольнікам па бульбіне, якая здавалася смачней за яечню. Гурскі. // Даць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; падзяліцца чым‑н. Раздзяліць абед з таварышам.
3. Падзяліць паміж кім‑н. агульную гаспадарку, маёмасць, даўшы магчымасць жыць і весці гаспадарку самастойна. — У цябе адзін [сын], а ў мяне двое.. Калі раздзялю хутар, дык абодва жабракамі будуць, — сказаў Макар. Асіпенка.
4. Знаходзячыся паміж кім‑, чым‑н., раз’яднаць. Рака раздзяліла гэтыя вобласці. // перан. Пазбавіць сувязі, зносін з кім‑н., зрабіць далёкімі, чужымі адзін другому, разлучыць. Хоць адкрытых канфліктаў між .. [Евай і Аўгіняй] і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Колас. — Бач, жыве наш Карп, ажыццяўляюцца яго думкі, яго імкненні. Значыць, смерць не раздзяліла нас... — Баранавіч глыбока і, як здалося Сітніку, гаротна ўздыхнуў. Дуброўскі.
5. Перажыць, зведаць што‑н. разам з кім‑н. Раздзяліць гора. Раздзяліць радасць з сябрамі. ▪ [Сакольнаму] раптам захацелася глянуць на Аню, на тую адзіную студэнтку, якая сёння раздзяліла з ім славу двоечніка. Кулакоўскі. // Прыняць удзел у чым‑н. разам з іншымі. Раздзяліць кампанію. ▪ Давядзецца раздзяліць з .. [жонкай] небяспечную долю. Новікаў. // Далучыцца да чаго‑н., выказаць сваё адзінадушша з кім‑н. Раздзяліць погляды сваіх таварышаў.
6. Зрабіць дзяленне (у 2 знач.).