раздзяліцца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Распасціся на часткі; падзяліцца. Калі ж Марыя зусім блізка нагнулася над гняздзечкам, пуховы мячык раздзяліўся на пяць жывых істот. Кулакоўскі. Настаўнікі раздзяліліся на дзве групы. На чале адной стаяў Садовіч, другую павёў Лабановіч. Колас. // Даць два або некалькі адгалінаванняў, разгалінавацца. Неўзабаве, за крутым паваротам, Быстранка раздзялілася на два рукавы. Брыль.

2. Размеркавацца паміж кім‑, чым‑н. Функцыі раздзяліліся. Абавязкі раздзяліліся.

3. перан. Разысціся ў чым‑н., выявіць розніцу, не супасці. Камандзір прапанаваў усё ж ісці нацянькі ў Шчотаўку. Думкі раздзяліліся. Федасеенка.

4. Падзяліць паміж сабой маёмасць, гаспадарку; адасобіцца адзін ад другога. Кавалёва больш не слухала Фёклу. Перад ёй сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.

5. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні; падзяліцца. Шэсць раздзеліцца на тры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)