су́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; незак.
Разм. Пахмурна ссоўвацца (пра бровы). // Хмурыцца, дзьмуцца (пра чалавека). [Маці:] — Дачушка, не супся. Я нічога не ўкрала. Чаго я буду маўчаць? Ермаловіч. / у перан. ужыв. А неба ўсё супілася, цямнела. Вялізная чорная хмара плыла над галавою. Сабаленка.
су́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак., што.
Разм. Хмурыць (бровы). Змітро падае мне гармонь, супіць бровы: — Ты, музыкант, марш дамоў! Жычка.
суплетыві́зм, ‑а, м.
Формаўтварэнне слоў, цесна звязаных адзінствам лексічнага значэння, але з рознай марфалагічнай структурай.
суплеты́ўны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: суплетыўныя формы гл. форма.
супло́ддзе, ‑я, н.
Некалькі пладоў, якія развіліся з асобных кветак суквецця і зрасліся разам нібы ў адзін плод.
су́пніца, ‑ы, ж.
Міска для супу. Раней .. [Антанюк] высмейваў гэтае хаванне дарагіх талерак, супніц: на якое ліха іх тады купляць! Шамякін.
супо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Аб’яднанне людзей, якія ставяць сабе якія‑н. агульныя задачы; арганізацыя. Далей Іларыён Свянціцкі пытаецца пра выдавецкую суполку «Наша хата», пра яе паявы ўзнос. «Полымя». Акрамя беларускай класікі, суполка [«Загляне сонца і ў наша вакенца!»] выдавала і навукова-папулярныя брашуры. Семашкевіч. // Разм. Наогул якая‑н. група, аб’яднанне. [Таня] станавілася кіраўніком гэтай суполкі трох саламяных удоў. Машара.
супо́льна, прысл.
Сумесна, разам. Гора кідае .. [чалавека] на пошукі таварышаў, гараваць супольна лягчэй. Мікуліч.
супо́льнасць, ‑і, ж.
Адзінства, непарыўнасць. Гістарычнае карэнне супольнасці ўсходнеславянскіх народаў раскрываў Багдановіч і ў няскончаным артыкуле «Забыты шлях». Лойка.
супо́льнік, ‑а, м.
1. Таварыш па сумеснай дзейнасці; паплечнік, аднадумец. [Андрэй:] — Якая ў яго душа? Ці будзе .. [Нікадзім] супольнікам і памочнікам у цяжкую часіну? М. Ткачоў. [Рыгор] быў маўклівы і як быццам нелюдзімы, але я адразу адгадаў у ім супольніка па думках. Краўчанка.
2. Саўдзельнік, хаўруснік у якіх‑н. непрыгожых справах, злачынстве. На другім возе .. сядзіць разам з бацькам яго .. прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Мележ. [Антон:] — Але навошта ж Вукаты ўтоіў жыта? Сабе? Дык людзі малоцяць, усё ведаюць, нікуды не сплавіш. Ці, можа, яны тут усе супольнікі, у адным хаўрусе? Савіцкі.