марганцавакі́слы,
У выразе: марганцавакіслы калій гл. калій.
ма́рганцавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да марганцу. // У склад якога ўваходзіць марганец. Марганцавая руда.
марганцо́вісты, ‑ая, ‑ае.
Спец. З прымессю марганцу. Марганцовістая сталь.
марганцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
Разм. Крышталі або раствор марганцавакіслага калію.
маргары́н, ‑у, м.
Харчовы тлушч, які атрымліваюць з сумесі алею і жывёльных тлушчаў. Стол быў небагаты — тонкія скрылікі каўбасы на талерцы, падсмажаная на маргарыне бульба, крупнік, запраўлены кансервамі. Хадкевіч.
[Фр. margarine.]
маргары́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да маргарыну. Маргарынавы завод.
маргары́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Дэкаратыўная расліна з дробнымі ружовымі, белымі або чырвонымі кветачкамі.
марга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Міжвольна падымаць і апускаць павекі. Мікіта Уласавіч стаяў збоку і толькі часта-часта маргаў.., нібы ў вочы яму трапіла нейкая парушына. Шуцько. Юрка маўчаў, толькі неяк жаласліва маргаў вачыма. Кулакоўскі.
2. Падаваць знак каму‑н. рухам павек, падморгваць. Пан Забжэцкі маргаў [дзецям] з-за стала, ківаў, пагражаў, маўляў: «Я вам пакажу!» Сабаленка.
3. перан. Тое, што і міргаць (у 2 знач.). Лямпачка маргае. Газоўка маргае.
4. перан. Разм. Упускаць зручны момант; зяваць. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Мележ.
маргіна́ліі, ‑ій; адз. маргіналія, ‑і, ж.
Кніжн. Заўвагі на палях кнігі або рукапісу.
[Ад лац. marginalis — які знаходзіцца на краі.]
маргіна́льны, ‑ая, ‑ае.
Напісаны на палях кнігі, рукапісу. Маргінальная заметка.