Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маладзі́ца, ‑ы, ж.

Маладая замужняя жанчына. У вішнёвым садку каля хаты Маладзіцы й дзяўчаты Засцілалі сталы ў халадочку. Бялевіч.

маладзі́цца, ‑джуся, ‑лодзішся, ‑лодзіцца; незак.

Прымаць захады, каб выглядаць больш маладым. Хоць .. [пані Адэлі] было ўжо далёка за сорак і ўдавіца добра такі раздалася ў стане, яна яшчэ маладзілася і паглядала на мужчын. Машара.

маладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

Надаваць больш малады выгляд. Гадоў .. [рыбаку] было можа трыццаць з гакам, але твар быў да чарнаты загарэлы і гладка паголены, і гэта прыкметна маладзіла яго. Чыгрынаў. Цёплы духмяны вецер .. малодзіць шчокі і весела плюшчыць вочы. Брыль.

маладзічо́к, ‑чка, м.

Ласк. да маладзік. За .. [хмарамі] то хаваўся, то выбліскваў тоненькі халодны маладзічок. Грахоўскі.

маладня́к, ‑у, м.

1. Маладыя жывёлы, птушкі. Яны, пяцікласнікі, узялі шэфства над калгасным маладняком, будуць жарабят даглядаць. Курто.

2. Малады лес. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі.

3. зб. Разм. Маладыя людзі, моладзь. Нас не любяць, нас баяцца Поп кудлаты і кулак, Бо рашыў за працу ўзяцца Камсамольска маладняк. Крапіва.

маладо́йны, ‑ая, ‑ае.

Які дае мала малака; малаўдойны. Маладойная карова.

маладо́казны, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова доказны; малапераканаўчы. Маладоказны аргумент.

маладо́сць, ‑і, ж.

1. Юнацкі ўзрост, маладыя гады жыцця. Дзяцінства .. [Строніна] і першая маладосць прайшлі бесклапотна. Чорны. Маладосць, як бы яна ні была пражыта, ніколі не пакідае нас. Скрыган. // Якасць і ўласцівасць маладога (у 1 знач.), малады выгляд. На некаторы час у пані Ганны прапала зайздрасць да маладосці і прыгажосці Стэфкі. Бядуля.

2. Нядаўняе, непрацяглае існаванне чаго‑н. Маладосць дзяржавы.

•••

Другая маладосць — аб прыліве новых сіл, творчай энергіі, узнікненні пачуцця кахання ў пажылыя гады.

Не першай маладосці — не маладых гадоў, сталага ўзросту; сярэдніх год.

Па маладосці гадоў — з-за недастатковай сталасці, па нявопытнасці.

маладу́ха, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.

Разм.

1. Тое, што і маладзіца. Маладуха так захапілася расказам пра сваю ўяўную смеласць, што .. [Саша і Аксана] не пачулі, як прыйшоў Данік. Шамякін. Пазней прыходзілі на лугі дзяўчаты і маладухі, разбівалі сена ў пракосах. Асіпенка.

2. Маладая, нявеста. — Цяпер самі сабе маладух шукаюць, — працягваў Басько .. басам. Ермаловіч.

маладу́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць маладушнага; нерашучасць, адсутнасць мужнасці. Усё гэта разумее сын, ён адчувае сябе няёмка: баіцца, каб у прыліве маладушнасці бацька не асудзіў яго. У. Калеснік.