Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ку́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы, ж.

Кармавая караняплодная расліна, гібрыд бручкі з кармавой капустай.

[Эст.]

ку́зня, ‑і, ж.

Майстэрня або цэх для апрацоўкі металу коўкай. З самай раніцы і да позняга вечара з кузні даносіўся перазвон малаткоў. Даніленка. // Высок. Пра месца, дзе ствараецца што‑н. вельмі важнае, каштоўнае. Універсітэт — кузня кадраў.

кузу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Тое, што і казяўка. Маркотныя цені сышлі на папары, Дзе мошкі, кузуркі і пчолак атары Мядок бралі з кветак духмяных. Колас.

ку́зька, ‑і, м.

Шкоднік злакавых раслін; хлебны жук. — Жучкі кузькамі называюцца. Іх многа ў жыце. Навуменка.

ку́ка, ‑і, ДМ куцы, ж.

Абл. Вялікі драўляны малаток рознай формы і рознага прызначэння. Паляжаў у калысцы, у пялёнках, а падрос — і работу знайшлі: за каровамі бег [наўздагон], кукай груд[ы] крышыў на раллі... Дубоўка.

кукава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеяслова кукаваць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Зязюля лічыла некаму гады і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка.

кукава́цца, кукуецца; незак., безас. (звычайна з адмоўем).

Пра здольнасць зязюлі кукаваць. — А зязюлі не пачуеш ужо, — заўважыў Міканор. — Коласам падавілася. Пачне кукаваць, а не кукуецца — кашляецца: кха, кха... Бялевіч.

кукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Ствараць гукі, падобныя на «ку-ку» (пра зязюлю). У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто.

2. перан. Разм. Цярпець нягоду; гараваць. — Добра, што загадзя перасялілі нас у дамы, — часта гаварыла маці, — а то кукавалі б у палатцы. Даніленка.

ку́калка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Адна са стадый у развіцці насякомага, на якой знікаюць лічынкавыя органы і развіваюцца органы дарослага насякомага. Кукалка шаўкапрада. □ — Спачатку .. [вусень] абкукліваецца. Кукалка хаваецца ў лясным подсціле. Там з яе нараджаецца матыль. Мяжэвіч.

кука́н, ‑а, м.

Вяровачка, на якую нанізваюць злоўленую рыбу, каб апусціць яе ў ваду да канца лоўлі. Тады хлопец згінаецца, выцягвае з вады кукан, на які нанізаны акуні, а зверху вялізны толькі што злоўлены шчупак кілаграмаў на шэсць і працягвае ўсю гэту здабычу Лявону. Лупсякоў.