акамяне́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць акамянелага.
2. звычайна мн. (акамяне́ласці, ‑ей). Акамянелыя рэшткі жывёл або раслін.
акамяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў цвёрдым як камень, ператварыўся ў камень. Акамянелы раствор. □ І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. Лынькоў. // перан. Які стаў цвёрды, сухі ад працяглага ляжання. І стаялі счарнелыя печы З пераваранай бульбай, З выкіпеўшай капустай, З акамянелым хлебам. Блатун. Зямля стала зусім акамянелай. Каваль.
2. перан. Які стаў нерухомым, замёр; застылы, аслупянелы. Ваня стаяў акамянелы. Няўжо праўда? Новікаў.
3. перан. Які страціў здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці; абыякавы да ўсяго. На пярэдняй парце, сціснуўшы галаву далонямі, сядзела з акамянелым тварам Рая. Шамякін. Пеця стаяў з акамянелым сэрцам, абхапіўшы рукамі худыя плечы маці, і таксама плакаў. Сіняўскі.
акамяне́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. акамянець.
акамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць цвёрдым як камень; ператварыцца ў камень. На тым узгорку, за дарогаю Руды пясок акамянеў. Камейша. // Стаць цвёрдым, сухім ад працяглага ляжання.
2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, аслупянець. Стафанковіч спачатку пацягнуў к сабе футра, пасля адхапіў ад яго рукі, як ад агню, і акамянеў у маўклівай позе. Чорны.
3. перан. Страціць здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці (ад вялікага гора, хвалявання), стаць абыякавым да ўсяго. [Луізе] хацелася плакаць, крычаць, кудысьці бегчы, але сэрца акамянела ад крыўды, ногі не слухаліся. Шашкоў.
аканапа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; зак., што.
Пазабіваць, пазатыкаць пазы, шчыліны пакуллем, мохам і пад. Аканапаціць хату, вокны.
аканапа́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аканапаціць.
аканапа́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да аканапачваць.
аканапа́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аканапаціць.
акані́т, ‑у, М ‑ніце, м.
Травяністая расліна сямейства казяльцовых з жоўтымі, сінімі, фіялетавымі кветкамі; боцікі.
акані́цы, ‑ніц; адз. аканіца, ‑ы, ж.
Дашчаныя або жалезныя створкі, якімі закрываюцца знадворку вокны. Акно зачынена аканіцамі, святла ў ім не відаць. Хадкевіч. У сцяну ля акна дробна, часта стукае аканіца і паціху тоненька пішчыць. Галавач.