Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

манагамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і манагамны.

манага́мія, ‑і, ж.

Форма шлюбу, якая дазваляе быць у шлюбных адносінах аднаму мужчыне толькі з адной жанчынай і наадварот; аднашлюбнасць; проціл. палігамія.

[Ад грэч. mónos — адзін і gamos — шлюб.]

манага́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манагаміі. Манагамны шлюб.

манагра́ма,

Вязь з дзвюх або некалькіх літар у выглядзе вензеля. Капітан дастаў партсігар з інкрустацыяй тонкай работы і манаграмай у кутку. Асіпенка.

[Ад грэч. mónos — адзін і gramma — літара.]

манаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манаграфіі; у форме манаграфіі. Манаграфічнае апісанне.

манагра́фія, ‑і, ж.

Навуковы твор, які ставіць сваёй мэтай глыбока даследаваць якое‑н. пытанне або тэму. У канцы 1949 г. у выданні «Савецкі пісьменнік» выйшла манаграфія Яўг. Мазалькова «Янка Купала», якая з’явілася значным укладам у беларускае савецкае літаратуразнаўства. Івашын.

[Ад грэч. mónos — адзін і graphō — пішу.]

маналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маналога; у форме маналога. Пісьмовая мова — гэта пераважна мова маналагічная, вусная ж — галоўным чынам дыялагічная. Юргелевіч.

маналі́т, ‑а, М ‑ліце, м.

1. Суцэльная каменная глыба. // Прадмет, высечаны з суцэльнага каменя.

2. У глебазнаўстве — кавалак глебы з непарушаным структурным складам, які паказвае будову глебы ў вертыкальным разрэзе.

[Ад грэч. mónos — адзін і líthos — камень.]

маналі́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць маналітнага. Маналітнасць глебы. Маналітнасць партыі.

маналі́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца маналітам. Маналітная парода.

2. перан. Моцна згуртаваны. Гэта была маналітная армія старых і юных, спалучэнне пачынальнікаў і завяршальнікаў адной вялікай ідэі, ідэі Леніна. Мікуліч. // Цэласны, з’яднаны. Літаратура сацыялістычнага рэалізму — маналітная па ідэйнай накіраванасці, па ідэалу. Адамовіч.