гарлавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да горла (у 1 знач.). Гарлавы храсток.
2. Нізкі, здаўлены (пра голас). І раптам стук кулака па стале разлёгся, як рэха, у бязлюднай карчме, а за ім гарлавы крык: — Так, Шчыгельчык, ці не? Кажы!.. Пестрак.
гарладзёр, ‑а, м.
Разм. груб.
1. Гарлапан, крыкун. Гарладзёр ён, вось хто, — прыйшла на дапамогу Нэлі Марфа.. — Горла драць дык кожны можа, калі ў сваёй хаце сядзіць. Савіцкі.
2. Пра тое, што моцна дзярэ горла. Не тытунь, а гарладзёр.
гарла́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што і без дап.
Разм. Тое, што і гарлапаніць. Салдаты ад нуды бадзяліся па вуліцах, гарланілі песні. Хомчанка.
гарлапа́н, ‑а, м.
Разм. Той, хто гарлапаніць; крыкун, гарлан. Гарлапан Якуб, які мог крычаць.. дзве гадзіны запар, у момант сцішваўся, вытарашчваў чорныя вочкі. Васілевіч.
гарлапа́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што і без дап.
Разм. Моцна, на ўсё горла крычаць, пець; гарланіць. Недзе кудахтаюць куры, гарлапаніць певень. Бажко. У .. шынку ўжо гарлапанілі песню. Асіпенка. // Крыкліва гаварыць, спрачацца, дамагаючыся свайго.
гарла́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З гучным крыклівыя голасам; галасісты. Спяваў гарласты певень, адзін перад другім захлёбваліся брэхам сабакі. Васілевіч. Кожны дзень на дварэ школы высокі гарласты афіцэр муштраваў салдат, якія ахоўвалі майстэрню. Пятніцкі. // Які любіць пакрычаць, паспрачацца. [Дзяк] быў крыклівы, гарласты і сваё права бараніў з такім жарам, што толькі Тарас Іванавіч Шырокі, стукнуўшы кулаком-малатком перад носам Памахайліка, наводзіў на яго страх і змушаў заціхаць. Колас.
гарлахва́т, ‑а, М ‑ваце, м.
Разм. Чалавек, які груба дамагаецца для сябе чаго‑н., імкнецца да найбольшай выгады.
гарла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Крычаць, гарланіць. Усе [суседзі] чулі ад слова да, слова, што гаварыў Гамрэкелі, бо ён знарок гарлаў па ўвесь пасёлак. Самуйлёнак. І чайкі гарлаюць на ўсе галасы на дым парахода, на парус касы. А. Вольскі.
гарла́ч, ‑а, м.
Від збана з вузкім горлам. Гарлач з малаком. □ Сцюдзёнку ў гарлачах на жніва Няслі дзяўчаты ад крынічкі. Калачынскі.