Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

работада́вец, ‑даўца, м.

Той, хто дае работу, наймае рабочую сілу.

работада́ўца, ‑ы, м.

Тое, што і работадавец.

рабо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да работа (у 2, 6 знач.); невялікая або прыемная работа. — Тады еш ды адпачні з дарогі, а я ў сад загляну, работку там яшчэ не паспеў кончыць. Парахневіч. [Забіч:] — Хораша працаваць! Ой хораша, калі так работка кіпіць! Савіцкі. // Разм. зневаж. Пра дрэнную работу. [Багуцкі:] — Эге, нікуды не варта работа такая. З такой работкай паравоз і перагона не пройдзе. Лынькоў.

рабо́тнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты работай; працаўнік. І на жніве, і на малацьбе паказаў [старшыня] аднавяскоўцам тое ўмельства хлебароба, якое жыве, не памірае ў сэрцы добрага работніка праз доўгія гады. Бялевіч. Дзед Баўтрук работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Той, хто можа выконваць работу, працаваць. «Які з цябе работнік, — гаварылі гаспадары. — Вецер свісне, дык упадзеш». Бядуля.

2. чаго або які. Той, хто пастаянна працуе дзе‑н., прафесійна займаецца якой‑н. дзейнасцю. Партыйны работнік. Работнікі сельскай гаспадаркі. Работнікі друку. □ Работнікі музея любоўна захоўваюць усё, што звязана з жыццём Леніна. «Звязда». Работнік літаратуры і мастацтва нямала і нядрэнна расказалі аб подзвігах і героях фронту і тылу. Брыль.

3. Той, хто абслугоўвае каго‑н. сваёй працай. Наняць работніка. □ [Бародзіч:] — Мы не проста чужыя, панятыя работнікі, мы робім .. самі на сябе. Чорны. Забегаліся вятры — служакі-гаротнікі: Ніхто не ідзе да зімы ў работнікі. Тармола. // Наёмны сельскагаспадарчы рабочы; парабак. — На лішняга работніка грошай у мяне няма, а падсвінкі аж зямлю грызуць ад голаду... Бажко.

•••

Наменклатурны работнік — работнік, які значыцца ў спісе кіруючых асоб.

рабо́тніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да работнік (у 1, 3 знач.).

2. Жанчына-рабочы.

•••

Хатняя работніца — жанчына, якая абслугоўвае па найму гаспадарку сям’і.

рабо́тнічак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да работнік. // Разм. зневаж. Пра дрэннага работніка. — Работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Вышынскі. Анатоль паківаў галавою: — Ну і работнічак будзе Івану. Ваданосаў.

рабо́чы 1, ‑ага, м.

1. Асоба, якая стварае матэрыяльныя каштоўнасці, працуючы на прамысловым прадпрыемстве: а) у капіталістычным грамадстве — прадстаўнік эксплуатуемага класа, пазбаўлены сродкаў вытворчасці; пралетарый; б) у сацыялістычным грамадстве — працоўны чалавек, што прафесійна займаецца вытворчай працай і належыць да рабочага класа, які з’яўляецца кіруючай сілай дзяржавы і валодае агульнанароднай уласнасцю на сродкі вытворчасці. Дзяржава рабочых і сялян.

2. Той, хто працуе па найму. Міхал — яму [ляснічаму] рабочых ставіў, І сенакосы яго правіў. Колас.

рабо́чы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рабочага ​1, рабочых, належыць ім. Рабочая ўлада. Рабочы рэвалюцыйны рух. □ Ужо камунізм па Еўропе Тады не як прывід блукаў. Ужо з барыкады рабочай Ён свету свой сцяг паказаў. Куляшоў. // Уласцівы рабочаму ​1, такі, як у рабочага ​1. Рабочае жыццё. □ Нават рука .. [Нюры] была моцная, рабочая, з тоўстымі пальцамі і абрэзанымі да жывога пазногцямі. Дамашэвіч. // Які складаецца з рабочых. Рабочы клас. Рабочае асяроддзе. Рабочы калектыў. // Населены рабочымі. Рабочы квартал. Рабочы раён. Рабочы пасёлак.

2. Які жыве з работы сваіх рук, які з’яўляецца рабочым ​1; працоўны. Рабочы чалавек. Рабочы народ. Рабочая моладзь.

3. Які выконвае карысную работу; які выкарыстоўваецца для карыснай работы (пра жывёл). Рабочы конь. Рабочая жывёла.

4. Які робіць карысную работу, карыснае дзеянне (пра механізм, яго часткі). Рабочае кола. □ Кустарэз з актыўным рабочым органам сканструяваны савецкімі інжынерамі ўпершыню ў практыцы сусветнага машынабудавання. «Маладосць». // Звязаны з карыснай работай механізма, яго часткі. Рабочы ход. Рабочы рэжым рухавіка. Рабочы момант.

5. Які мае адносіны да работы (у 1, 2 і 4 знач.). Рабочы стаж. Рабочы настрой. Рабочы шум. // Прызначаны для работы. Рабочы кабінет. Рабочае месца. Рабочая вопратка. □ [Калгасны двор] падзелены на тры асноўныя сектары: складскі, рабочы і жывёлагадоўчы. Брыль. // Неабходны для работы; які ўзнікае ў працэсе работы. Рабочы інструмент. Рабочая гіпотэза. Рабочы праект. □ Аднойчы я ўзяў у рукі .. рабочы план і пажартаваў: — Вера Адамаўна, вы напісалі яго зусім не па форме. Ермаловіч. // Устаноўлены для работы, заняты работай (пра час). Рабочы сезон. □ Вясна, лета — час рабочы: Ары, касі, жні. Купала. Скончыўся рабочы дзень — ля будынка дырэкцыі завода пачуўся свісток, і адначасова загудзеў гудок на заводзе. Пестрак.

•••

Рабочая сіла гл. сіла.

Рабочы дзень гл. дзень.

Рабочы тыдзень гл. тыдзень.

Рабочы факультэт гл. факультэт.

Рабочыя рукі гл. рука.

У рабочым парадку гл. парадак.

рабро́, ‑а; мн. рэбры, ‑аў; н.

1. Дугападобная вузкая косць, якая ідзе ад хрыбетніка да грудной косці. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзілі ходырам. Чорны.

2. Частка каркаса якога‑н. збудавання, прадмета, часцей выгнутая. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі. Маўр. На рацэ ляжалі ў вадзе разадраныя выбухам фермы чыгуначнага моста і побач з імі прыгожа свяціліся рэбры новых пралётаў. Савіцкі.

3. Лінія перасячэння дзвюх плоскасцей. Рабро куба. Рабро піраміды. // Вузкі востры край чаго‑н. То прыгладзіць [муляр] гліну, то рабром [кельмы] зрэжа гурбяк на атынкаванай сцяне, то вострым кончыкам падчэпіць і адкіне кавалак старога тынку. Нядзведскі. // Вузкая старана якога‑н. прадмета (па яго даўжыні). Рабро цагліны. Рабро далоні. Ставіць дошку на рабро.

•••

Адны рэбры — вельмі худы, благі.

Палічыць рэбры гл. палічыць.

рабро́н, ‑а, м.

Старадаўняя жаночая сукенка з крыналінам.

[Фр. roberonde.]