работа, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. ▪ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. ▪ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (работы, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. ▪ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. ▪ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. ▪ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)