рабочы 1, ‑ага, м.

1. Асоба, якая стварае матэрыяльныя каштоўнасці, працуючы на прамысловым прадпрыемстве: а) у капіталістычным грамадстве — прадстаўнік эксплуатуемага класа, пазбаўлены сродкаў вытворчасці; пралетарый; б) у сацыялістычным грамадстве — працоўны чалавек, што прафесійна займаецца вытворчай працай і належыць да рабочага класа, які з’яўляецца кіруючай сілай дзяржавы і валодае агульнанароднай уласнасцю на сродкі вытворчасці. Дзяржава рабочых і сялян.

2. Той, хто працуе па найму. Міхал — яму [ляснічаму] рабочых ставіў, І сенакосы яго правіў. Колас.

рабочы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рабочага 1, рабочых, належыць ім. Рабочая ўлада. Рабочы рэвалюцыйны рух. ▪ Ужо камунізм па Еўропе Тады не як прывід блукаў. Ужо з барыкады рабочай Ён свету свой сцяг паказаў. Куляшоў. // Уласцівы рабочаму 1, такі, як у рабочага 1. Рабочае жыццё. ▪ Нават рука .. [Нюры] была моцная, рабочая, з тоўстымі пальцамі і абрэзанымі да жывога пазногцямі. Дамашэвіч. // Які складаецца з рабочых. Рабочы клас. Рабочае асяроддзе. Рабочы калектыў. // Населены рабочымі. Рабочы квартал. Рабочы раён. Рабочы пасёлак.

2. Які жыве з работы сваіх рук, які з’яўляецца рабочым 1; працоўны. Рабочы чалавек. Рабочы народ. Рабочая моладзь.

3. Які выконвае карысную работу; які выкарыстоўваецца для карыснай работы (пра жывёл). Рабочы конь. Рабочая жывёла.

4. Які робіць карысную работу, карыснае дзеянне (пра механізм, яго часткі). Рабочае кола. ▪ Кустарэз з актыўным рабочым органам сканструяваны савецкімі інжынерамі ўпершыню ў практыцы сусветнага машынабудавання. «Маладосць». // Звязаны з карыснай работай механізма, яго часткі. Рабочы ход. Рабочы рэжым рухавіка. Рабочы момант.

5. Які мае адносіны да работы (у 1, 2 і 4 знач.). Рабочы стаж. Рабочы настрой. Рабочы шум. // Прызначаны для работы. Рабочы кабінет. Рабочае месца. Рабочая вопратка. ▪ [Калгасны двор] падзелены на тры асноўныя сектары: складскі, рабочы і жывёлагадоўчы. Брыль. // Неабходны для работы; які ўзнікае ў працэсе работы. Рабочы інструмент. Рабочая гіпотэза. Рабочы праект. ▪ Аднойчы я ўзяў у рукі .. рабочы план і пажартаваў: — Вера Адамаўна, вы напісалі яго зусім не па форме. Ермаловіч. // Устаноўлены для работы, заняты работай (пра час). Рабочы сезон. ▪ Вясна, лета — час рабочы: Ары, касі, жні. Купала. Скончыўся рабочы дзень — ля будынка дырэкцыі завода пачуўся свісток, і адначасова загудзеў гудок на заводзе. Пестрак.

•••

Рабочая сіла гл. сіла.

Рабочы дзень гл. дзень.

Рабочы тыдзень гл. тыдзень.

Рабочы факультэт гл. факультэт.

Рабочыя рукі гл. рука.

У рабочым парадку гл. парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)