Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пе́кны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыгожы. Пекныя ўзоры Тчэ кляноў задумны лістапад. Куляшоў. Панна Анэта мела чорныя, вельмі зваблівыя вочы і яшчэ больш зваблівыя, пекныя вусны. Сачанка.

пекці́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае ў сабе пекцін або з’яўляецца састаўной часткай пекціну.

пекці́ны, ‑аў; адз. пекцін, ‑у, м.

Група арганічных рэчываў, якія змяшчаюцца ва ўсіх раслінных арганізмах, галоўным чынам пладах і караняплодах. // толькі адз. Клейкае рэчыва раслінных арганізмаў, якое выкарыстоўваецца ў асноўным у харчовай прамысловасць (для вырабу жэле, джэмаў і пад.).

[Грэч. pēktós — зацвярдзелы.]

пела́гра, ‑ы, ж.

Спец. Захворванне, якое выклікаецца недахопам у арганізме нікацінавай кіслаты.

[Ад іт. pelle agra — шурпатая скура.]

пеларго́нія, ‑і, ж.

Паўднёвая расліна сямейства гераніевых з моцна пахучымі лісцямі, каляровымі кветкамі і падоўжнымі пладамі, якія па форме нагадваюць бусліную дзюбу; вырошчваецца і як дэкаратыўная расліна.

[Ад грэч. pelargos — бусел.]

пе́ленг, ‑а, м.

Спец. Вугал паміж плоскасцю мерыдыяна назіральніка і вертыкальнай плоскасцю, якая праходзіць праз пункт і аб’ект назірання; азімут.

[Гал. peiling.]

пеленгава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пеленгаваць.

пеленгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., каго-што.

Спец. Вызначаць пеленг або месца, дзе знаходзіцца які‑н. прадмет, аб’ект. Пеленгаваць радыёстанцыю.

пеленга́тар, ‑а, м.

Спец. Прылада для пеленгавання.

пеленга́цыя, ‑і, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пеленгаваць.