распасце́рціся, ‑струся, ‑стрэшся, ‑стрэцца; ‑стромся, ‑страцеся; пр. распасцёрся, ‑сцерлася; зак.
1. Легчы або сесці шырока, свабодна, заняўшы многа месца. [Каляда:] — А ну, кума, пасунься. Не захопіш і так усяго, — распасцерлася... Брыль.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць сабой шырокі абшар, вялікую прастору. Якая навокал далеч! Яна распасцерлася ва ўсе бакі, куды ні глянеш, без канца і краю... Гамолка. Над зямлёю распасцёрся ясны купал бяздоннага неба. Колас.
3. перан. Пашырыць сферу свайго дзеяння, ахапіўшы большае кола прадметаў, з’яў.
распасцёрты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распасцерці.
2. у знач. прым. Шырока разведзены ў бакі. Раптам адзін з .. [невядомых] кінуўся да яго з радасна распасцёртымі рукамі: — Васіль Іванавіч! Родненькі! Лынькоў. Нездарма распасцёртыя крыл[ы].. [альбатросаў] маюць два з палавінай метры ўшыркі. Маўр. // З раскінутымі рукамі або нагамі (часцей пра ляжачага). Даша не азвалася. Яна ляжала нерухома, шырока раскінуўшы [апухлыя] ногі. Было балюча глядзець на яе, распасцёртую, бездапаможную. Асіпенка. І канец. І.. [леў] ляжыць, горды, распасцёрты, крутабокі і грывасты. Караткевіч.
•••
З распасцёртымі абдымкамі гл. абдымкі.
распасціра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да распасцерціся.
2. Зал. да распасціраць.
распасціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распасцерці.
распа́сціся, ‑падзецца; пр. распаўся, ‑палася; зак.
1. Разваліцца на часткі, рассыпацца на кускі. Патрэскаліся трубкі і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач. І карчы вырываюць з карэннем лясныя лемяшы, ды так вырываюць, што, здаецца, трактар са скрыпам зараз лопне ад натугі, распадзецца. Пестрак. // Раскласціся на састаўныя часткі. Малекула распалася на атамы.
2. Раздзяліўшыся на часткі, перастаць існаваць. У IV стагоддзі нашай эры Рымская імперыя распалася на дзве часткі — Заходне-Рымскую і Усходне-Рымскую, або Візантыю. Залескі. У пачатку дваццатых гадоў ад няшчаснага выпадку загінуў старэйшы брат. Сям’я ўся распалася. Машара. Аб’яднаны атрад палкоўніка Лянкевіча зноў распаўся. Якімовіч. // перан. Разладзіцца, парушыцца. Сяброўства распалася. Вяселле распалася.
распатла́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Раскудлачаны, растрапаны. Мокрая, з жоўтым лісцем у распатланых валасах і на боціках, .. [Паранька] бегла насустрач, трымаючы перад сабой загорнутае крысо ватоўкі. Ракітны. У дзверы кабінета віхурай уварвалася дзяўчо. Невысокае, загарэлае, з трошкі распатланымі валасамі. Сабаленка. // З раскудлачанымі, растрапанымі валасамі. Пачуўся грукат ног па сходах, і ў пакой уварваўся распатланы і страшны Віктар. Караткевіч.
распатла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Раскудлаціць, растрапаць (пра валасы). І валасы навошта распатлаў? Блазенства, піжонства звычайнае. Мехаў.
распатрашы́ць, ‑рашу, ‑рошыш, ‑рошыць; зак., каго-што.
Выняць вантробы. Распатрашыць рыбу. // Разм. Выняць тое, што знаходзіцца ўнутры чаго‑н. І толькі гэта Мішка распатрашыў пачку пячэння, як на паляне падняўся такі гвалт, такія крыкі, што Мішка аж прыгнуўся. Лынькоў. Я распатрашыў ранец, а пісьмы пакруціў у руках і так і гэтак. Чорны.
распатро́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
Разм. Расправіцца з кім‑н., разбіць каго‑, што‑н. [Ермакоў], пачуўшы пра гарматы, загарэўся неадольнай думкай: — «ударыць знянацку, ушчэнт распатроніць і захапіць артылерыю!» Мележ. [Жорка:] — Прама завідкі бяруць: такога бандыта распатроніў ты... Беразняк. // Рэзка раскрытыкаваць каго‑, што‑н.
распатро́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распатроніць.