Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

сумнява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Адчуваць сумненне, няўпэўненасць у сапраўднасці чаго‑н.; няцвёрда верыць у што‑н. Ніхто не сумняваўся, што [Рыта] атрымае дыплом з адзнакай. Васілевіч. — Рой! — аж ускрыкнуў Міхалка на ўвесь голас. Тое, што гэта быў рой, ён цяпер не сумняваўся. Якімовіч. // у кім. Не быць упэўненым у кім‑н., не цалкам давяраць каму‑н. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў .. [Марозе]. Быкаў.

2. Перажываць цяжкасці, хваляванні, вырашаючы якое‑н. пытанне. Настаўнік вучыць дзяцей уважліва адносіцца да пісьма, правяраць напісанне і ўсякі час зварачацца за растлумачэннем да настаўніка, калі ім сустрэнецца слова, у правільным напісанні якога яны будуць сумнявацца. Самцэвіч.

•••

Не сумнявайся (сумнявайцеся) — будзь(це) спакойны, не хвалюйся (хвалюйцеся). [Янка:] — Нумар гэты. І дом напэўна гэты. Я то ведаю, не сумнявайцеся!.. Карпюк.

сумо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, ж.

Разм. Тое, што і сум. Некалькі хвілін прыемна было адпачыць, а потым паступова находзіла нейкая неадольная сумота і нават крыўдна рабілася за сваё становішча. Кулакоўскі. Марына слухае ў сумоце, А ў думках ёй карціць адно. Колас. Нудныя дні насталі для яго [Ігнася]. Сумота. Мурашка.

сумо́тна,

1. Прысл. да сумотны.

2. безас. у знач. вык. Тое, што і сумна (у 2 знач.). Бязлюдна, сумотна, як вымерла вёска. Прануза.

сумо́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і сумны. Над вухам камарык гуў тонка Напевам сумотным адным. Колас. Колькі халодных зім змянілася вясёлай вясной і колькі раз гарачае лета саступала з дарогі панурай сумотнай восені. Васілевіч.

су́мчаты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае сумку (у 3, 4 знач.). Сумчаты воўк. Сумчаты крот. Сумчатыя грыбы.

2. у знач. наз. су́мчатыя, ‑ых. Падклас млекакормячых, якія даношваюць дзіцянят у сумцы (у 3 знач.).

сумы́сля, прысл.

Тое, што і сумысна. [Мікіта] сумысля не спяшаўся ісці, было прыемна думаць аб будучыні. Галавач. Гэта сумысля падпальваюць балота палешукі, каб на выгаралым месцы расла налета маладая, лепшая трава. Колас.

сумы́сна, прысл.

З намерам, знарок, наўмысна. Цудоўная ноч!.. Ніяк не прыдумаць такую сумысна! Дубоўка.

сумы́сны, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца або адбываецца з раней абдуманымі намерамі. Гэтая .. сумысная няўважлівасць [Наталлі Пятроўны] сапраўды ўжо абразіла Лемяшэвіча. Шамякін.

сумясці́цца, ‑месціцца.

Зак. да сумяшчацца.