сумны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. сумнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. ▪ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. ▪ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)