Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рэзаць (у 1 знач.).

2. Дробна парэзаная салома; сечка. Калі бульба добрая ўродзіць, то тады аддадзім салому людзям, а калі не, то прыйдзецца не аддаваць. Пойдзе на рэзку каровам. Гаўрылкін.

рэ́зкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рэзкага. [Аўгіня] зараз жа стрымала сваю рэзкасць і лагодна зазірнула .. [Кандрату] у вочы, зазірнула так, як умела зазіраць яна. Колас.

рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.

2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.

3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.

4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.

рэ́знуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Моцна стукнуцца аб што‑н., у што‑н. Ды так рэзнуўся [жарнавік] аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Вол як рэзнуўся лбом у вароты, дык тыя хруснулі, а сам ён і асеў на пярэднія ногі. Марціновіч.

рэ́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да рэзаць (у 1, 2, 4, 6 знач.).

2. Моцна ўдарыць чым‑н. Антось на бягу рэзнуў прыкладам карабіна паручніка. Нікановіч.

3. Зрабіць што‑н. хутка, энергічна, з азартам. Толькі расцягнуў, думаў рэзнуць полечку, а Аўдоцця падышла да яго і паклала на гармонік руку. Чарнышэвіч.

рэзо́н, ‑у, м.

Разм. Сэнс, падстава, разумны довад. [Змітрок:] — Людзі кажуць: ад свайго злодзея нідзе нічога не схаваеш. Так і тут, пэўна ж.. [солтыс] многа чаго ведае. Але даказваць на сваіх аднавяскоўцаў няма яму рэзону. Машара. // звычайна мн. (рэзоны, ‑аў). Доказы, аргументы. Андрэй, Насцін бацька, не прымаў пад увагу гэтых рэзонаў і стаяў на сваім. Колас.

[Фр. raison.]

рэзо́ннасць, ‑сці, ж.

Уласцівасць рэзоннага. Рэзоннасць заўвагі.

рэзо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дастаткова разумных падстаў, абгрунтаваны. [Старога] хацелі затрымаць, прыводзілі рэзонныя доказы. Караткевіч.

рэ́зрух, ‑у, м.

Разм.

1. Тое, што і разруха. Хіба.. гэта першыя пасляваенныя гады, калі .. [Іваненка], вярнуўшыся з партызанаў, зноў працаваў трактарыстам, а вакол былі рэзрух, .. нястачы? Хадкевіч.

2. Беспарадак. [Сын] пачаў прыглядацца да ўсяго, што рабілася ў хаце. Тут быў сапраўдны рэзрух. Чорны. Нават у хаце ўсё было параскідана, стаяў рэзрух. Броўка.

рэзульта́т, ‑а, М ‑таце, м.

Тое, што і вынік.