Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раўню́ткі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі роўны. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара.

раўня́, ‑і, ж.

Разм. (часцей з адмоўем). Чалавек, роўны другому па якіх‑н. прыкметах (па ўзросту, па сацыяльнаму становішчу, па ведах і пад.). Хоць Зубок быў і старэйшы за нас, а трымаўся, як наша раўня. І мы любілі Косцю за гэта. Вітка. [Кацярына:] Да мяне сватаюцца людзі — не табе раўня. Крапіва. — Мяне лёд не вытрымае, — апраўдваўся Міхась. — Я цяжкі. Не раўня табе. Хомчанка. / у знач. зб. Аднагодкі. У гарачыні вялікага клопату мінала жыццё ў мяне і ў мае раўці, у нас не было часу заўважаць, што яно мінае. Лужанін.

раўня́цца, я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. Тое, што і раўнавацца (у 1 знач.). І праўда, Антон, зусім яшчэ юнак, не мог раўняцца з ім: Андрыян — сталы хлопец, прыгожы, статны. Марціновіч. Асіна лапатала нават у бязветраныя дні, пад восень яна рабілася прыгажэйшай ад усіх дрэў, раўняцца з ёй вогненнымі барвамі мог адзін толькі клён, не часты ў нашым лесе. Навуменка.

2. Набліжацца да каго‑, чаго‑н., апынацца нароўні, побач з кім‑н. Клава выйшла наперад, стала раўняцца з Верай. Дуброўскі. Дзяўчына раўняецца, суцішае крок. Кулакоўскі.

3. Станавіцца роўнай, прамой лініяй; выраўноўваць строй. Байцы палка ўдарнага, Раўняйцеся ў стра[і]! Крапіва. Хлеб прывозілі ў чырвонай скрыні на возе. Ён цёпла і свежа пах. Чарга тады раўнялася, расцягвалася яшчэ далей. Адамчык. // заг. раўня́йся! Ужываецца як ваенная, спартыўная і пад. каманда: выраўнаваць рад (рады).

4. перан.; па кім і на каго-што. Імкнуцца стаць такім жа, як той, хто прызнаецца ў якіх‑н. адносінах узорам. Тут цяпер поплеч з намі ідуць старэйшыя таварышы, камуністы, на якіх нам вельмі добра раўняцца, у якіх нам трэба вучыцца, як жыць. Брыль. А калі плакаты заклікалі раўняцца на перадавікоў, дык толькі на тых, аб якіх пісалася ў цэнтральных газетах. Гаўрылкін. На яго [Віктара] паказчыкі раўняліся таварышы. Данілевіч.

5. Зал. да раўняць (у 1 знач.).

раўня́ць, я́ю, ‑я́еш, ‑я́е; незак., што.

1. Тое, што і раўнаваць ​1. Міканор назначыў тых, якія падышлі цяпер, раскідаць горкі, раўняць, утоптваць. Мележ. Вочы .. [Волькі] я раўняў заўсёды з незабудкамі рачнымі, усмешку — з усмешкаю ранішняга сонца. Нікановіч.

2. Размяшчаць у адзін рад па прамой лініі. Мужчыны з чырвонымі бантамі на грудзях наводзяць парадак, раўняюць рады. Жычка. Зноў пад’ём. Між соснаў і арэшын Мы раўняем строй свой баявы. Прыходзька.

раўці́, раву, равеш, раве; равём, равяце; пр. роў, раўла, ‑ло; незак.

1. Утвараць гук рову (пра жывёл). Пачуўшы людскую гамонку, бык стаў раўці, ён высока падкідаў капытамі зямлю. Гурскі. Дзіка раўлі ў пунях каровы, іржалі і кідаліся коні, але навасёлкаўцы, што збегліся на пажар, баяліся падступіцца да будынкаў. Шчарбатаў. // перан. Утвараць моцныя, працяглыя гукі, падобныя на роў жывёл. У камінах вятры раўлі да рання. Астрэйка. Машына раўла, аж дрыжала, бо ступня ўсё яшчэ нейкім чынам ціснула на газ. Кулакоўскі.

2. Разм. Моцна гаварыць, пець, крычаць. — Хутчэй, хутчэй! — крычаў .. [камендант]. — Я навучу вас паважаць германскую армію! Я... Я... — ужо роў ён. Лынькоў. — Вон! — раз’юшана раве ўраднік. Сяргейчык.

3. Разм. Моцна плакаць. — Хлопец суседскі нос расквасіў і раве. Савіцкі. Стаю і раву, як маленькі... Цётка таксама стаіць і не ведае, што рабіць. Васілевіч.

•••

Роўма раўці — вельмі моцна раўці, плакаць.

раўчаві́на, ‑ы, ж.

Абл. Роў, равок. Мінуўшы панскі двор са старасвецкім паркам, з будынінамі, пачарнелымі ўжо ад часу, дарога апошні раз спусцілася з горкі ў шырокую раўчавіну, заросшую дробным алешнікам. Колас.

раўча́к, ‑а, м.

Тое, што і раўчук. У адным месцы ўздоўж пераразаў .. [даліну] амаль высахлы, глеісты на дне раўчак. Мележ. Залеглі ў полі супастаты, Растуць акопы, раўчакі. Колас.

раўчу́к, ‑а, м.

1. Невялікі ручай. У некалькіх кроках ад .. [Грыся] ціха гаманіў раўчук, бегучы з лесу ў раку. Кулакоўскі. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін.

2. Невялікі равок. Дворык свой [Фёдар] заліў цэментам з раўчукамі для сцёку вады. Ракітны.

раўчукава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Пакрыты раўчукамі. Раўчукаватая мясціна.