раўці́, раву, равеш, раве; равём, равяце; пр. роў, раўла, ‑ло; незак.
1. Утвараць гук рову (пра жывёл). Пачуўшы людскую гамонку, бык стаў раўці, ён высока падкідаў капытамі зямлю. Гурскі. Дзіка раўлі ў пунях каровы, іржалі і кідаліся коні, але навасёлкаўцы, што збегліся на пажар, баяліся падступіцца да будынкаў. Шчарбатаў. // перан. Утвараць моцныя, працяглыя гукі, падобныя на роў жывёл. У камінах вятры раўлі да рання. Астрэйка. Машына раўла, аж дрыжала, бо ступня ўсё яшчэ нейкім чынам ціснула на газ. Кулакоўскі.
2. Разм. Моцна гаварыць, пець, крычаць. — Хутчэй, хутчэй! — крычаў .. [камендант]. — Я навучу вас паважаць германскую армію! Я... Я... — ужо роў ён. Лынькоў. — Вон! — раз’юшана раве ўраднік. Сяргейчык.
3. Разм. Моцна плакаць. — Хлопец суседскі нос расквасіў і раве. Савіцкі. Стаю і раву, як маленькі... Цётка таксама стаіць і не ведае, што рабіць. Васілевіч.
•••
Роўма раўці — вельмі моцна раўці, плакаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)