Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

махра́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і махрысты.

махро́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць махровага.

махро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую колькасць пялёсткаў (пра кветку). Шыпшына — продак ружы, ад якой яна адрозніваецца тым, што кветкі яе простыя, а не махровыя. «Беларусь».

2. Пра тканіны, вырабы з тканін з высокім ворсам. Махровыя тканіны.

3. перан. Яскрава выражаны, дасягнуўшы вышэйшай ступені (пра якую‑н. адмоўную якасць, пра чалавека з такой якасцю). Махровы нацыяналізм. Махровы рэакцыянер.

махры, ‑роў; адз. махор, ‑хра, м.

1. Свабодна звісаючыя ніткі, шнуркі па краях якой‑н. тканіны. У Івана на шыі новы шалік, шэранькі, а ў Куліны — вялікая кашміровая хустка з махрамі. Гарэцкі.

2. Шматкі, абвіслыя касмылі па краях чаго‑н. Днём яшчэ цёпла, а ночы — волкія, важкія, і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ.

3. Пялёсткі ў махровых кветках.

4. Тонкія адгалінаванні кораня расліны.

махры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З махрамі. Карычневы шалік з .. какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў .. [Людзін] твар. Брыль.

2. Падобны на шматкі, касмылі па краях чаго‑н. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны. Колас.

3. З вялікай колькасцю пялёсткаў. Кветка была вялікая, махрыстая. Тамары здавалася, што і пахне яна не так, як іншыя. Сіняўскі. // З вялікай колькасцю тонкіх карэньчыкаў. Махрысты корань.

мо́хавы, ‑ая, ‑ае і махавы́ 2, а́я, ‑о́е.

Які мае адносіны да моху; састаўной часткай якога з’яўляецца мох. Грыбны ўгар нядоўгі. Тыдзень-другі, ад сілы тры, і баравікі паступова пачынаюць знікаць. І толькі заўзятыя грыбнікі ўсё яшчэ працягваюць таптаць у барах мяккі мохавы дыван. Ігнаценка. Маладняк і махавое покрыва выгараць у яловым лесе гэтак жа, як і ў сасновым. Гавеман. // Які зарос мохам. Зялёнай кругловінай называўся невялічкі грудок на мохавым балоце, зарослы маладым дубняком і арэшнікам. Паслядовіч.