Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

куха́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Работніца, якая гатуе стравы; паварыха.

куха́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кухара, кухаркі, уласцівы ім. Такіх піражкоў настаўніку ніколі не даводзілася каштаваць, ён еў з ахвотаю і хваліў кухарскія здольнасці бабкі Параскі. Колас. // Прызначаны для кухара, кухаркі. Кухарская кніга.

куха́рства, ‑а, н.

Занятак кухара.

куха́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Гатаваць стравы; быць кухарам, кухаркай. Нядаўна, як хварэла маці, дзед сам кухарыў. Рылько.

кухля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Верхняя кашуля з футра ў народаў Поўначы. З-пад сваёй новай кухлянкі.. [Тынэлькут] дастае паперку і, асцярожна разгарнуўшы, падае мне. Бяганская.

ку́хня, ‑і; Р мн. ‑хань; ж.

1. Памяшканне з печчу або плітой для гатавання ежы. // Павозка або машына з катламі і плітой для гатавання ежы ў паходных умовах. Палкавая кухня. □ У вёсцы палалі кастры, дымілі паходныя кухні — гатавалася агульная вячэра. Лось. // Разм. Гатаванне ежы. Займацца кухняй. // перан.; чаго або якая. Разм. Скрыты, закулісны бок якой‑н. дзейнасці. Дыпламатычная кухня.

2. Падбор страў, характар ежы. Польская кухня. Французская кухня.

•••

Малочная кухня — а) стравы, прыгатаваныя на малацэ, з малака; б) установа, якая гатуе сумесі розных адвараў з малаком для грудных дзяцей.

[Ад ням. Küche.]

кухо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кухні (у 1 знач.). Кухоннае акно. Кухонны пах. // Прызначаны для кухні. Кухонны нож. Кухонная печ. Кухонны стол. Кухонная пасуда.

кухта́ль, ‑я, м.

Разм. Удар кулаком. Атрымаць кухталя. □ На Віцю наляцелі Пеця, Вася, Юлька, адзін даў кухталя ў спіну, другі — у бок. Хомчанка.

куцця́, ‑і, ж.

1. Урачыстая вячэра напярэдадні каляд, новага года, якая суправаджалася варажбою. Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Якімовіч. // Дзень, у які адбываецца гэта ўрачыстасць. Снег на куццю — грыбы на лета, Такая матчына прымета. Колас.

2. Каша з ячных або іншых круп як традыцыйная абрадавая яда ўсходнеславянскіх і інш. народаў. У печы з панцаку варыцца калядная куцця. На куццю, пад вечар, чакаюць гасцей. Васілевіч. Куцці святочнай задымілася гара. Лойка.

ку́цы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і куртаты. Нос [у зімародка] доўгі, прамы і востры, а хвост кароткі, як кажуць, куцы. В. Вольскі. Быў сабака, як на смех, Куцы і аблезлы. Гілевіч.