куто́чак, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да кут, куток.
куту́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Уст. Турма, арыштанцкая камера. — Толькі пра гэта цяпер няможна гаварыць, бо як пачуе паліцыя, то як таго дзядзьку Данілу адразу арыштуе і ў кутузку пасадзіць. Каліна.
куту́м, ‑а, м.
Каштоўная прамысловая рыба сямейства карпавых (водзіцца ў Каспійскім моры).
ку́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і каваны (у 4 знач.). Анатоль па бярэзніку прабраўся на дарогу. Яго ўвагу прыцягнулі свежыя адбіткі кутых конскіх капытоў. Федасеенка.
ку́фар, ‑фра, м.
Вялікая скрынка з векам і замком для захоўвання тканіны, адзежы, каштоўнасцей. Дастаць з куфра бялізну.
ку́фель ‑фля і ку́халь, ‑хля, м.
Бакал для піва. Па шкле куфля аплывала белая пена і шлёпалася пад ногі. Лобан. Сабе Апейка папрасіў кухаль піва; пакуль буфетчыца налівала, агледзеўся, дзе б прыладзіцца. Мележ.
куфэ́рак, ‑рка, м.
1. Невялікі куфар; тое, што і куфар. Волька перакладвала ў куфэрку нейкую бялізну. Чорны.
2. Дарожная скрынка, род чамадана, звычайна прыгожа аформленая. [Шэмет] быў і апрануты ва ўсё крамнае і ў руцэ трымаў куфэрак. Чарнышэвіч. Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат. Карпюк.
ку́хан, ‑а, м.
Невялікая булка, начыненая цыбуляй. Цяперашнія Гінкіны куханы былі не падобныя да тых, якія яна прыносіла раней, не белыя. Корбан.
ку́хар, ‑а, м.
Той, хто гатуе стравы; повар. Нават кухар у сталовай Для гасцей для дарагіх З крэндзялямі адмыслова Выпякае пірагі. А. Александровіч.