Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

серо́зны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які выдзяляецца абалонкай, што высцілае ўнутраныя поласці цела (брушыну, плеўру і пад.); сываратачны. Серозная вадкасць. // Які мае адносіны да выдзялення вадкасці абалонкай унутраных поласцей цела, увільготніваецца гэтай вадкасцю. Серозная поласць.

•••

Серозная абалонка — тонкая абалонка, што высцілае ўнутраныя поласці цела і органы, якія знаходзяцца ў іх.

[Ад лац. serum — сываратка.]

серп, сярпа, м.

1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.

2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.

•••

Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.

серпадзю́б, ‑а, м.

Птушка падатрада кулікоў з дзюбай, якая па форме нагадвае серп.

серпанці́н, ‑у, м.

1. Скрутак доўгай вузкай стужкі з каляровай паперы, які кідаюць у публіку на балях, карнавалах і пад. Зайграў школьны духавы аркестр, моладзь пайшла танцаваць... Раптам веерам узляцела канфеці, абсыпаючы танцораў, пайшоў у ход серпанцін. Гурскі.

2. перан. Участкі звілістай горнай дарогі. Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Караткевіч.

[Фр. serpentin ад serpent — змяя.]

серпанці́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да серпанціну. Чаур бачыў невысокія скалістыя кратэры, голыя апоўзлыя пагоркі і бліскучыя дарогі, што серпанцінавымі стужкамі віліся паміж імі. Шыцік.

серпанці́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і серпанцінавы. Серпанцінныя стужкі.

серпападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд сярпа. Серпападобныя крылы. Серпападобныя струкі фасолі.

серпента́рый, ‑я, м.

Запаведнік, у якім утрымліваюць ядавітых змей і забіраюць ад іх яд.

серпенці́н, ‑у, м.

Паласаты мінерал белага, зялёнага і іншых колераў з разнастайнымі адценнямі. Правая рука з каменным бранзалетам з серпенціну адкінута. Караткевіч.

[Ад лац. serpens — змяя.]

серпенці́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да серпенціну; зроблены з серпенціну.