серп, сярпа, м.

1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.

2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.

•••

Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)