супо́льнасць, ‑і, ж.
Адзінства, непарыўнасць. Гістарычнае карэнне супольнасці ўсходнеславянскіх народаў раскрываў Багдановіч і ў няскончаным артыкуле «Забыты шлях». Лойка.
супо́льнік, ‑а, м.
1. Таварыш па сумеснай дзейнасці; паплечнік, аднадумец. [Андрэй:] — Якая ў яго душа? Ці будзе .. [Нікадзім] супольнікам і памочнікам у цяжкую часіну? М. Ткачоў. [Рыгор] быў маўклівы і як быццам нелюдзімы, але я адразу адгадаў у ім супольніка па думках. Краўчанка.
2. Саўдзельнік, хаўруснік у якіх‑н. непрыгожых справах, злачынстве. На другім возе .. сядзіць разам з бацькам яго .. прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Мележ. [Антон:] — Але навошта ж Вукаты ўтоіў жыта? Сабе? Дык людзі малоцяць, усё ведаюць, нікуды не сплавіш. Ці, можа, яны тут усе супольнікі, у адным хаўрусе? Савіцкі.
супо́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да супольніка (у 2 знач.), супольніцтва; уласцівы супольніку. Супольніцкія інтарэсы.
супо́льніцтва, ‑а, н.
Саўдзельніцтва ў якіх‑н. справах.
супо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Агульны, сумесны. Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны .. Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці. Колас. Людзі ў згодзе супольнай На дарогі, сцяжыны Выйшлі з песняю вольнай, Дзень сустрэлі зажынак. Калачынскі.
2. Які ажыццяўляецца сумесна з кім‑н. [Камандзір:] — Збяромся мы. .. і абмяркоўваем якую-небудзь супольную баявую аперацыю. Брыль. Мы ўспамінаем наша першае супольнае падарожжа. Лужанін. Ёсць хлеб і тавар, Станкі і машыны Для працы супольнай. Калачынскі.
3. Які належыць усім або некалькім, аб’ядноўвае ўсіх, некалькіх. Супольная маёмасць. □ Вось чаму кожны лічыць за высокі гонар атрымаць акрайчык караваю і тым самым далучыцца да супольнага скарбу. Усікаў. Колькі нявыпітай брагі У нас за супольным сталом! Танк.
4. Аднолькавы з кім‑н., уласцівы каму‑н. адначасова з іншымі. Супольныя інтарэсы. / у знач. наз. супо́льнае, ‑ага, н. Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў. Бядуля.
супо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Сцягваць клешчы хамута супоняй пры запраганні каня.
супо́ня, ‑і, ж.
Рэмень для сцягвання клешчаў хамута. Міхась .. стаў поркацца каля хамута: выцягнуў з-пад яго касмыль грывы і роўна расчасаў пальцамі, памацаў супоню, ці добра завязала. Якімовіч.
суправаджа́льнік, ‑а, м.
Той, хто суправаджае каго‑, што‑н.
суправаджа́льніца, ‑ы, ж.
Жан. да суправаджальнік.