супольны, ‑ая, ‑ае.

1. Агульны, сумесны. Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны .. Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці. Колас. Людзі ў згодзе супольнай На дарогі, сцяжыны Выйшлі з песняю вольнай, Дзень сустрэлі зажынак. Калачынскі.

2. Які ажыццяўляецца сумесна з кім‑н. [Камандзір:] — Збяромся мы. .. і абмяркоўваем якую-небудзь супольную баявую аперацыю. Брыль. Мы ўспамінаем наша першае супольнае падарожжа. Лужанін. Ёсць хлеб і тавар, Станкі і машыны Для працы супольнай. Калачынскі.

3. Які належыць усім або некалькім, аб’ядноўвае ўсіх, некалькіх. Супольная маёмасць. ▪ Вось чаму кожны лічыць за высокі гонар атрымаць акрайчык караваю і тым самым далучыцца да супольнага скарбу. Усікаў. Колькі нявыпітай брагі У нас за супольным сталом! Танк.

4. Аднолькавы з кім‑н., уласцівы каму‑н. адначасова з іншымі. Супольныя інтарэсы. / у знач. наз. супольнае, ‑ага, н. Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)