супаста́т, ‑а, М ‑таце, м.
1. Уст. і высок. Вораг, непрыяцель. Нам не забыць ні хат, ні нават траў, Што супастатам спалены, стаптаны. Астрэйка. Няхай помняць супастаты, Што значаць бравыя салдаты. Колас.
2. Разм. лаянк. Разбойнік, злачынец, ліхадзей. [Маці:] — А, супастат... Драчонікі даўно пастылі, авечак трэба ісці займаць, а ён храпе сабе! Місько.
супаста́тка, ‑а, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. лаянк. Жан. да супастат (у 2 знач.).
супастаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. супастаўляць — супаставіць.
супаста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад супаставіць.
супастаўля́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што можа быць супастаўлены з іншым (іншымі). Супастаўляльныя даныя.
2. Які грунтуецца на супастаўленні; які мае ў сабе супастаўленне. Супастаўляльнае вывучэнне моў.
супастаўля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да супаставіцца.
2. Зал. да супастаўляць.
супастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да супаставіць.
супаста́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць супастаўнага. Супастаўнасць паняццяў.
супаста́ўны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які можа быць супастаўлены з чым‑н. Супастаўныя цэны.
супа́сці, ‑падзе; пр. супаў, ‑пала; зак.
1. Адбыцца адначасова з чым‑н. Айчынная вайна, якая супала з маім юнацтвам,.. стала для мяне пачаткам актыўнага жыцця. Навуменка. Наш прыезд у Вільнюс якраз супаў са святкаваннем пяцігоддзя Савецкай улады ў Літоўскай ССР. Сяргейчык.
2. Аказацца агульным, аднолькавым; выявіць падабенства, адпаведнасць. Супалі і прозвішча, і завулак, у якім .. жыў [Толя], і ўсе іншыя прыкметы. Якімовіч. Паліца ўсё ж успамінала Васіля, хоць і без яго ведала, што ў вялікім калектыве будуць і людзі ўсялякія, па якіх трэба ўздзейнічаць, з якімі яе інтарэсы могуць і не супасці. Савіцкі.
3. Злучыцца, зліцца; аб’яднацца. Не знаў я, не ведаў Тады, як стаялі. Што мары дзяўчыны З маімі супалі. Арочка.
4. Сумясціцца ўсімі пунктамі пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).