супасці, ‑падзе; пр. супаў, ‑пала; зак.
1. Адбыцца адначасова з чым‑н. Айчынная вайна, якая супала з маім юнацтвам,.. стала для мяне пачаткам актыўнага жыцця. Навуменка. Наш прыезд у Вільнюс якраз супаў са святкаваннем пяцігоддзя Савецкай улады ў Літоўскай ССР. Сяргейчык.
2. Аказацца агульным, аднолькавым; выявіць падабенства, адпаведнасць. Супалі і прозвішча, і завулак, у якім .. жыў [Толя], і ўсе іншыя прыкметы. Якімовіч. Паліца ўсё ж успамінала Васіля, хоць і без яго ведала, што ў вялікім калектыве будуць і людзі ўсялякія, па якіх трэба ўздзейнічаць, з якімі яе інтарэсы могуць і не супасці. Савіцкі.
3. Злучыцца, зліцца; аб’яднацца. Не знаў я, не ведаў Тады, як стаялі. Што мары дзяўчыны З маімі супалі. Арочка.
4. Сумясціцца ўсімі пунктамі пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)