Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэквізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да рэквізаваць.

рэквізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць) рэквізіцыю чаго‑н. Гаспадар спахмурнеў. Па людзях хадзілі чуткі, што неўзабаве ў яго рэквізуюць і млын. Асіпенка. [Незнаёмы:] — Я — старшыня тутэйшага рэўкома. Рэквізую коней і драбіны. Лобан. [Салдаты] рэквізавалі ў адным з сёл мужыцкія сані і прыбылі на месца значна раней, чым мужыкі. Караткевіч.

рэквізі́т, ‑у, М ‑зіце, м.

1. Розныя рэчы, неабходныя для пастаноўкі спектакляў ці здымкі кінафільмаў. Рыгор прычыніў вузкія дзверцы за кулісы і паглядзеў на груды складзеных дэкарацый і рэквізіту. Гартны.

2. Неабходны элемент у афармленні дакумента (месца, дата выдачы, подпісы), без чаго дакумент лічыцца несапраўдным.

[Ад лац. requisitum — неабходнае.]

рэквізі́тар, ‑а, м.

Той, хто адказвае за рэквізіт (у 1 знач.). Я хутка пазнаёміўся з касцюмерамі, што апраналі мяне на спектаклях, з грымёрам і з рэквізітарам. Рамановіч.

рэквізі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэквізіту. Рэквізітны цэх.

рэквізіцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэквізіцыі. Рэквізіцыйная квітанцыя. // Які прызначаецца, служыць для рэквізіцыі. А немцаў і ў Ключыку хапала, бо там месціўся рэквізіцыйны пункт. Гарэцкі.

рэквізі́цыя, ‑і, ж.

Прымусовае адчужэнне або часовая канфіскацыя органамі дзяржаўнай улады маёмасці, якая належыць асобным грамадзянам ці грамадскім арганізацыям. У 1918 годзе Народнаму Камісарыяту маёмасцей маладой Савецкай рэспублікі была даручана рэквізіцыя і захаванне ўсіх прыватных калекцый і збораў мастацкіх каштоўнасцей. «Маладосць».

[Ад лац. requisitio — патрабаванне.]

рэкла́ма, ‑ы, ж.

1. Мерапрыемствы, якія праводзяцца для таго, каб стварыць шырокую вядомасць каму‑, чаму‑н., прыцягнуць спажыўцоў, пакупнікоў, гледачоў. Задумана гэта [набыць мядзведзяў] было ў камерцыйных мэтах, дзеля рэкламы, каб прыцягнуць у пушчу багатых і вяльможных паляўнічых. В. Вольскі. — Лепшая рэклама, — заявілі.. [работнікі прылаўка], — гэта тавары высокага класа. «Звязда». // Распаўсюджанне звестак пра каго‑, што‑н., каб стварыць папулярнасць. — Рэклама мне не трэба, Антон Ягоравіч, не дзеля яе я пайшоў у калгас, мяне турбуюць іншыя рэчы. Хадкевіч. Відаць, гэтым людзям была патрэбна гучная рэклама і доказы энергічнай дзейнасці для справаздачы перад сваімі гаспадарамі-філантропамі. Машара.

2. Аб’ява, паведамленне з мэтай прыцягнуць увагу да чаго‑н. Насупраць на другім баку вуліцы мігцела агнямі малінавая рэклама кафэ. Вышынскі. Рэкламы вогненнымі завуць рукамі, Б’юць па вачах, прыціскаюць як прэсам: «Лётайце самалётамі! Ездзіце цягнікамі, Хуткімі і экспрэсамі!» Кірэенка.

[Ад лац. reclamare — крычаць.]

рэкламава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэкламаваць.

рэкламава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэкламаваць.