рэкла́ма, ‑ы, ж.

1. Мерапрыемствы, якія праводзяцца для таго, каб стварыць шырокую вядомасць каму‑, чаму‑н., прыцягнуць спажыўцоў, пакупнікоў, гледачоў. Задумана гэта [набыць мядзведзяў] было ў камерцыйных мэтах, дзеля рэкламы, каб прыцягнуць у пушчу багатых і вяльможных паляўнічых. В. Вольскі. — Лепшая рэклама, — заявілі.. [работнікі прылаўка], — гэта тавары высокага класа. «Звязда». // Распаўсюджанне звестак пра каго‑, што‑н., каб стварыць папулярнасць. — Рэклама мне не трэба, Антон Ягоравіч, не дзеля яе я пайшоў у калгас, мяне турбуюць іншыя рэчы. Хадкевіч. Відаць, гэтым людзям была патрэбна гучная рэклама і доказы энергічнай дзейнасці для справаздачы перад сваімі гаспадарамі-філантропамі. Машара.

2. Аб’ява, паведамленне з мэтай прыцягнуць увагу да чаго‑н. Насупраць на другім баку вуліцы мігцела агнямі малінавая рэклама кафэ. Вышынскі. Рэкламы вогненнымі завуць рукамі, Б’юць па вачах, прыціскаюць як прэсам: «Лётайце самалётамі! Ездзіце цягнікамі, Хуткімі і экспрэсамі!» Кірэенка.

[Ад лац. reclamare — крычаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)