Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэзерво́вы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў запасе, у рэзерве. Рэзервовы фонд. Рэзервовы цягнік. Рэзервовая армія.

рэзервуа́р, ‑а, м.

1. Ёмістасць, пасудзіна для вадкасцей і газаў. Па .. [трубах] нафта цякла ў трапы, дзе ад яе аддзяляўся газ, і далей — у велізарныя рэзервуары. Шамякін.

2. перан. Крыніца, зборнік чаго‑н. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.

[Фр. réservoir.]

рэзерпі́н, ‑у, м.

Лекавы прэпарат для лячэння гіпертаніі і псіхічных захворванняў.

рэзецы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Падвергнуць (падвяргаць) рэзекцыі. Рэзецыраваць страўнік.

рэзідэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Прадстаўнік імперыялістычнай дзяржавы ў пратэктараце (фактычны кіраўнік гэтага пратэктарату).

2. Дыпламатычны прадстаўнік адной дзяржавы ў другой па рангу ніжэй пасланніка.

3. Грамадзянін якой‑н. краіны, які пастаянна пражывае ў замежнай дзяржаве.

4. Тайны прадстаўнік разведкі ў пэўным раёне замежнай дзяржавы. Ноччу быў забіты бургамістр горада, немец па паходжанню і, мабыць, даўні рэзідэнт германскага абвера. Асіпенка.

[Ад лац. residens, residentis — які знаходзіцца, сядзіць на месцы.]

рэзідэнту́ра, ‑ы, ж.

Рэзідэнт замежнай разведкі, упаўнаважаны разведвальным цэнтрам ажыццяўляць сувязь з агентурай і кіраваць яе дзеяннямі.

рэзідэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэзідэнта, належыць яму.

рэзідэ́нцыя, ‑і, ж.

Месца, дзе пастаянна знаходзяцца ўрад або асобы, якія займаюць высокія адміністрацыйныя пасады. Доўгі час, на працягу некалькіх стагоддзяў, Пражскі град быў рэзідэнцыяй чэшскіх каралёў. Мележ. У самым цэнтры горада размешчана рэзідэнцыя прэзідэнта — Белы дом. Новікаў. // Разм. Наогул месцазнаходжанне каго‑н. Па ўсім абсталяванні пакоя, якое кінулася Рыгору ў вочы, відаць было, што гэта рэзідэнцыя... гаспадыні. Гартны. А некаторыя [настаўнікі] цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Колас.

[Ад лац. residentio — месцазнаходжанне.]

рэзінья́цыя, ‑і, ж.

Уст. Поўная пакорнасць лёсу.

[Фр. résignation ад лац. resigno — знішчаю, адмяняю.]

рэзі́стар, ‑а, м.

Элемент электрычнага ланцуга, які прызначаны для абмежавання току ў ім і выкарыстоўваецца для стварэння рэжыму работы радыёлямпы, транзістарнага прыёмніка і пад.