Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разадра́цца, раздзярэцца; зак.

Раздзяліцца на часткі ад рэзкага руху, ад зношанасці. Кашуля разадралася.

разадра́ць, раздзяру, раздзярэш, раздзярэ; раздзяром, раздзераце; зак., каго-што.

1. З сілаю, рэзкім рухам раздзяліць на часткі. — Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак. Якімовіч. Андрэй сам разадраў гэту запіску на дробныя кавалачкі і выкінуў у памыйнае вядро. Лобан. // Падраўшы, распячатаць. [Галя] .. разадрала канверт пісьма, якое было адрасавана ёй. Ермаловіч. // Зрабіць драным. Разадраць штаны. Разадраць бот. // Нанесці рану, глыбокую драпіну. [Алесь] адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб .. [сук]. Караткевіч.

2. Раздзяліць злучанае, растуліць. Склеілася так, што не разадраць. □ — Проста павекі зліпаюцца — не разадраць. Чарнышэвіч.

раза́к 1, ‑а, м.

1. Прылада для рэзання чаго‑н. Мадэльеры распрацавалі спараныя разакі для раскрою мяккага скуртавару. «Звязда». // Рэжучая частка якой‑н. прылады, інструмента, машыны. Не забыта .. [зямля], бо вунь пры шляху востра паблісквае на сонцы разаком плуг. Мурашка. // Абл. Піла. Назаўтра з раніцы засунуў [Марцін] за пояс спрытную сякеру, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў ў лес. Колас.

2. Інструмент для кіслароднай рэзкі металаў. Аўтагенны разак.

3. Рабочы, спецыяліст па забою жывёлы, птушкі.

4. Абл. Жорсткая, але нетрывалая заледзянелая скарынка снегу або лёду. Святло .. [ракеты] часам прымушала яго легчы на жорсткі, сцукраваны снег, і Васіль па разаку вужам перапаўзаў.. на шэрае ворыва або таіўся нерухома ў праталай разорыне. Грамовіч. — На разаку ты такі лавок не паставіш правільна .. — зрушыць плынню. Масарэнка.

раза́к 2, ‑у, м.

Шматгадовая вадзяная расліна сямейства жабнікавых з моцнымі калючымі лістамі і буйнымі белымі кветкамі, якая ў час цвіцення ўсплывае на паверхню. У затоках вясною і ў дажджлівыя гады стаяла брудная рудая вада і ў ёй расла жорсткая і такая ж рудая асака, перамешаная крамяным лапушыстым разаком. Якімовіч.

разалга́цца, ‑лгуся, ‑лжэшся, ‑лжэцца; ‑лжомся, ‑лжацеся, ‑лгуцца; зак.

Разм. Пачаўшы лгаць, захапіцца хлуснёй. [Мужчын] слухалі, нават заахвочвалі, каб даць разалгацца яшчэ болей. Колас.

ра́зам, прысл.

1. Сумесна, у сукупнасці з кім‑, чым‑н. І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы. Броўка. [Пніцкі:] — Адзін скажа, другі скажа, дык яно разам як збярэцца — паглядзіш тады, дык яно нешта і выходзіць. Чорны. — Ну што? наеліся аладак? — Жартуе дзядзька тут з малымі Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі. Колас. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Мацяш.

2. Разм. Адначасова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з ім і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на ржышчы і барвовай квеценню лісцяў. Асіпенка. Хоць снягоў на дрэвах пена, Хоць займае вецер дух, — На дварэ заліўся певень Разам з песняй маладух. Янішчыц.

3. У адзін прыём. Амаль улабкі са мной прывіталася Алена Іванаўна. Не разабраўшы, што яна такое сказала мне, я адказаў ёй разам: — Ага, добры дзень. Ермаловіч.

4. Усяго (агульная сума чаго‑н.).

•••

Разам з тым — у той жа час, адначасова.

разамкну́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разамкнуць.

2. у знач. прым. Раз’яднаны, з прамежкамі (пра строй). Разамкнутая шарэнга.

разамкну́цца, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся, ‑нуцца; зак.

Раз’яднацца, перастаць быць самкнутым. Жандарскі ланцуг, які вёў купку арыштаваных, — разамкнуўся, усмактаў у сваё нутро і гэтых траіх. Баранавых. Рука сама разамкнулася і выпусціла Максімаву руку. Машара. // Рассунуцца, разысціся ў розныя бакі. Рады разамкнуліся. // Утварыць або павялічыць інтэрвалы, прамежкі. Разамкнуцца на выцягнутыя рукі.

разамкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Раз’яднаць што‑н. самкнутае. — Мне трэба ісці, Вадзік,.. — ціха кажа Ганька, не здолеючы разамкнуць кола моцных хлапечых рук. Васілевіч. // Рассунуць, развесці ў розныя бакі. Разамкнуць вароты шлюза. // Утварыць або павялічыць інтэрвалы, прамежкі. Разамкнуць строй. // Раскрыць (самкнутыя зубы, губы і пад.). Калі заканчвалі перавязку, Андрэй разамкнуў павекі і, стрымліваючы стогн, спытаў: — Што з атакай? М. Ткачоў.

разамле́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць разамлелага.

разамле́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Расслаблены, вялы. Ад Расянкі цягнула халаднаватай вільгаццю, якая пасля спякотнага дня прыемна лашчыла разамлелае цела. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Хораша вось так, учатырох, ісці палявой дарогай, дыхаючы на поўныя грудзі густымі пахамі разамлелай, тлустай зямлі. Навуменка.