ра́зам, прысл.

1. Сумесна, у сукупнасці з кім‑, чым‑н. І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы. Броўка. [Пніцкі:] — Адзін скажа, другі скажа, дык яно разам як збярэцца — паглядзіш тады, дык яно нешта і выходзіць. Чорны. — Ну што? наеліся аладак? — Жартуе дзядзька тут з малымі Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі. Колас. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Мацяш.

2. Разм. Адначасова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з ім і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на ржышчы і барвовай квеценню лісцяў. Асіпенка. Хоць снягоў на дрэвах пена, Хоць займае вецер дух, — На дварэ заліўся певень Разам з песняй маладух. Янішчыц.

3. У адзін прыём. Амаль улабкі са мной прывіталася Алена Іванаўна. Не разабраўшы, што яна такое сказала мне, я адказаў ёй разам: — Ага, добры дзень. Ермаловіч.

4. Усяго (агульная сума чаго‑н.).

•••

Разам з тым — у той жа час, адначасова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)