махна́ціць, ‑начу, ‑націш, ‑націць; незак., што.
Разм. Рабіць махнатым; калмаціць.
махно́вец, ‑ноўца, м.
Гіст. Той, хто належаў да банды Махно.
махно́ўшчына, ‑ы, ж.
Гіст. Контррэвалюцыйная ўзброеная барацьба кулацка-анархісцкіх банд на чале з атаманам Махно супраць Савецкай улады на Украіне ў 1918–1921 гг.
махну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Аднакр. да махацца.
махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.
2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.
3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.
4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.
•••
Махнуць рукой на каго-што — перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
махо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да махоркі. Людзі выйшлі, за імі стаў выходзіць і махорачны дым і яго едкі пах. Пестрак.
махо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства паслёнавых, з лісцяў і сцябла якой атрымліваюць тытунь. — Палікарпаўна! — звярнуўся .. [Захар Іванавіч] да звеннявой па махорцы ў брыгадзе Варывончыка, ужо даволі пажылой жанчыны. Кулакоўскі.
2. Тытунь ніжэйшага гатунку, прыгатаваны з лісцяў і сцябла гэтай расліны. Мікалай дастаў з кішэні пачак махоркі і пачаў круціць папяросу. Чорны.
махра́, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і махорка (у 2 знач.). Высыпай на стол капшук махры: З госцем можна быць і да зары. Панчанка.
махрава́ты, ‑ая, ‑ае.
З невялікімі махрамі. Махраватыя канцы ручніка.