маскіро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для маскіроўкі. Маскіровачны халат. □ Праз акно відаць былі перон і станцыйны будынак, .. рабы ад маскіровачнай фарбы. Асіпенка.
маскіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маскіраваць і маскіравацца. Шафёры выціскалі з .. [машын] апошняе, каб хутчэй ўскочыць у вёску, а там дзе-небудзь прытуліцца, навесці маскіроўку. Кулакоўскі. [Вера і Рамір] глядзелі адзін аднаму ў вочы і добра разумелі, што далікатныя прабачэнні не што іншае, як маскіроўка збянтэжанасці. Асіпенка.
2. Тое, чым маскіруюць, маскіруюцца. Вечарамі на вокнах вісела яшчэ цубкая чорная маскіроўка з папяровых аркушаў. Васілевіч.
маскіро́ўшчык, ‑а, м.
Спецыяліст па ваеннай маскіроўцы.
маскі́т, ‑а, М ‑кіце, м.
1. Крывасоснае паўднёвае насякомае атрада двухкрылых.
2. толькі мн. (маскі́ты, ‑аў). Спец. разм. Быстраходныя ваенныя караблі, прызначаныя для баявых дзеянняў вялікімі групамі.
[Ісп. mosquito ад лац. musca — муха.]
маскі́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маскіта, маскітаў (у 1 знач.). // Прызначаны для засцярогі ад маскітаў. Маскітная сетка.
2. Спец. разм. Які мае адносіны да маскітаў (у 2 знач.).
маско́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.
Невялікая птушка з роду сініц.
ма́сла, ‑а, н.
1. Харчовы тлушч, які атрымліваюць збіваннем смятанкі або смятаны. Топленае масла. □ Гасцей частуе гаспадыня І на ўсіх чыста вокам кіне, То сыр, то масла ім падносіць. Колас. — Дайце, я буду масла біць, — кажу я бабе Іванісе і забіраю ў яе бойку. Васілевіч.
2. Тлустае рэчыва, якое здабываюць з мінеральных рэчываў. Змазачнае масла. Парафінавае масла.
•••
Купарваснае масла — устарэлая назва канцэнтраванай сернай кіслаты.
Качацца як сыр у масле гл. качацца.
Кукіш з маслам гл. кукіш.
Масла масленае — пра таўталогію, паўтарэнні ў азначэнні чаго‑н.; адно і тое, тое самае.
Падліць масла ў агонь гл. падліць.
Як маслам па сэрцы — вельмі прыемна.
Як па масле — лёгка, добра, без ніякіх цяжкасцей (ідзе, атрымліваецца і пад.).
масла...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «маслены», «масла», напрыклад: маслаправод, маслазавод, маслабойня.
маслабло́к, ‑а, м.
Цэх нафтаперапрацоўчага завода, які вырабляе змазачнае масла.
маслабо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.
1. Апарат для збівання смятаны, малака ў масла.
2. Разм. Тое, што і маслабойня.