Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

манархі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік манархізму. Ашалелы манархіст, .. [Ланской] змагаўся за абсалют улады больш ўтрапёна, чым самі ўладары. Караткевіч.

манархі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да манархіст.

манархі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манархіста. Манархісцкая змова.

манархі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да манархіі. Манархічная ўлада.

2. Тое, што і манархісцкі. Манархічныя арганізацыі.

мана́рхія, ‑і, ж.

Форма дзяржаўнага кіравання, пры якой вярхоўная ўлада належыць адной асобе — манарху, а таксама дзяржава з такой формай кіравання. Абмежаваная манархія. Неабмежаваная манархія.

•••

Абсалютная манархія — манархія, у якой уся ўлада належыць толькі манарху.

Канстытуцыйная манархія — форма дзяржаўнага ладу, пры якім улада манарха абмежавана канстытуцыяй.

Саслоўная манархія — форма феадальнай дзяржавы, пры якой каралеўская ўлада апіралася на органы прадстаўніцтва дваран, духавенства і гараджан.

[Ад грэч. monarchia — адзінаўладства.]

мана́ршы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манарха, належыць манарху. Манаршая ўлада. Манаршае адзенне.

мана́скі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манаха, манаткі, належыць ім. Манаскі ордэн. Манаская вопратка.

мана́ства, ‑а, н.

1. Манаскае жыццё.

2. зб. Манахі.

манасты́р, ‑а, м.

1. Абшчына манахаў або манашак, якая, маючы свае землі і капітал, утварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю. Вёрст за трыццаць ад маёнтка Залуцкіх знаходзіўся мужчынскі манастыр. Асіпенка. // зб. Члены гэтай абшчыны.

2. Царква, жылыя памяшканні і тэрыторыя, якія належаць гэтай абшчыне. Манахі прыязджалі наглядаць месца, каб будаваць манастыр, але пачалася вайна, і манастыра не пабудавалі. Галавач.

•••

Падвесці пад манастыр гл. падвесці.

[Ад грэч. monastērion.]

манасты́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да манастыра, належыць яму. Манастырскія муры. Манастырскія землі.

2. Такі, як у манастыры. Манастырскі рэжым. Манастырскія строгасці.